Трэнінг у сферы псіхалагічнай дапамогі ахвярам гандлю людзьмі

Сацыяльныя работнікі з розных рэгіёнаў рэспублікі прынялі ўдзел у трэнінгу па працы з ахвярамі гандлю людзьмі, якія пакутуюць псіхічнымі і паводзіннымі засмучэннямі.

Навучалае мерапрыемства прайшло 16 лістапада на базе Міжнароднага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі Акадэміі МУС. У сесіях трэнінгу прыняў удзел нацыянальны эксперт - урач псіхіятр-нарколаг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Аляксандр Гуль. Пытанні ў сферы аказання псіхалагічнай дапамогі разглядалі спецыялісты Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі, рэабілітацыйнага цэнтра МАМ і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. Тэматыка трэнінгу ахоплівала асаблівасці працы з пацярпелымі, якія маюць розныя паводніцкія адхіленні, псіхічныя засмучэнні і захворванні.

Міжнародны навучальны цэнтр на працягу многіх гадоў з'яўляецца пляцоўкай для правядзення падобных сустрэч спецыялістаў. Цяперашні трэнінг стаў чарговым навучальным мерапрыемствам у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Умацаванне ў Рэспубліцы Беларусь нацыянальнага механізму перанакіравання пацярпелых ад гандлю людзьмі», які рэалізуецца Міністэрствам унутраных спраў Беларусі і Прадстаўніцтвам МАМ у нашай краіне.


Анастасія Воінава, ГIГС Акадэміі МУС.
Фота аўтара

Навiны