«Серабро» чэмпіянату свету - у выкладчыка Акадэміі МУС

Важкую ўзнагароду прывёз з Румыніі выкладчык кафедры прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі капітан міліцыі Аляксей Сцепанькоў.

У Бухарэсце 9-11 лістапада прайшоў чэмпіянат свету па самба. У спартыўным форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі 80 краін. Каля 750 самбістаў паспрачаліся за званне мацнейшых на планеце. Ва ўсіх дысцыплінах разыгрывалася 27 камплектаў узнагарод. Прычым 12 медалёў заваявалі прадстаўнікі Беларусі: 2 залатыя, 5 срэбных і 5 бронзавых узнагарод.

Свой уклад у скарбонку нацыянальнай зборнай ўнёс і выкладчык кафедры прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі Акадэміі МУС капітан міліцыі Аляксей Сцепанькоў (майстар спорту міжнароднага класа па самба). На чэмпіянаце свету ён абараняў гонар краіны ў вагавой катэгорыі да 90 кг. Пасля перамогі над барацьбітамі з Мексікі, Ізраіля, Францыі і Сербіі Аляксей выйшаў у фінал, дзе ў супрацьстаянні з расійскім спартсменам выйграў «срэбра».

Самба ўваходзіць у праграму II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску ў чэрвені наступнага года. У спартыўным раздзеле самбісты разыграюць 18 камплектаў узнагарод.


Анастасія Воінава па матэрыялах кафедры
прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі.
Фота: сайт sambo-fias.org

Навiны