Фінал рэспубліканскай акцыі МУС «Сям’я! Служым разам!»

У Маладзечне на сцэне Палаца культуры ўшаноўвалі сем’і, якія сталі лепшымі ў сваіх падраздзяленнях.

Самай душэўнай акцыі Міністэрства ўнутраных спраў «Сям’я! Служым разам!» сёлета споўнілася 11 гадоў. І як выдатна, што яна існуе! Яркае сонца і добрае надвор’е размяшчалі да самых светлых і цёплых думак. Да пачатку ўрачыстай цырымоніі на пляцоўцы каля Палаца культуры госці мерапрыемства знаёміліся з выставамі рэтрааўтамабіляў і службовай тэхнікі. Вывучалі элементы ўзбраення і рыштунку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Рабілі фотаздымкі на памяць.

Было чым заняць сябе і ў холе палаца. Там арганізатары разгарнулі тэматычную выставу дзіцячых мастацкіх работ і фотагазет, у якіх адлюстроўваліся этапы правядзення акцыі на месцах. Партнёры акцыі – прадпрыемствы горада прапаноўвалі прадэгуставаць разнастайную прадукцыю. Асаблівы настрой ствараў струнны квінтэт Дома культуры г. Маладзечна. Іх класічныя музычныя кампазіцыі прыйшліся па душы ўсім.

Адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, намеснік Міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Аляксандр Барсукоў адзначыў, што на сцэне сабраліся лепшыя міліцэйскія сем’і краіны, актыўная жыццёвая пазіцыя якіх з’яўляецца вялікім прыкладам для пераймання ўсім супрацоўнікам. «Уклад, які ўносіцца вамі ў захаванне духоўна-маральных каштоўнасцяў, развіццё службовых традыцый, а таксама папулярызацыю ідэалу моцнай і дружнай міліцэйскай сям’і, вялізарны», - падкрэсліў Аляксандр Пятровіч.

Намеснік міністра пажадаў прадстаўнікам службовых і воінскіх калектываў здароўя, поспеху і дабрабыту.

З прывітальным словам выступілі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел і начальнік УУС Мінскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Аляксандр Кавальчук.

Фінал рэспубліканскай акцыі МУС «Сям’я! Служым разам!»

Фіналістам акцыі, а гэта 14 сем’яў, якія прадстаўляюць ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў, установы адукацыі, дэпартаменты аховы і выканання пакаранняў МУС, а таксама ўнутраныя войскі МУС, уручаны падзякі ад імя Міністра ўнутраных спраў, дыпломы і памятныя падарункі.

Пераможцы рэгіянальных конкурсаў дзіцячага малюнка атрымалі з рук начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы МУС палкоўніка міліцыі Эдуарда Ярашука і члена грамадскага савету пры МУС, мастака-скульптара Аляксандра Дранца дыпломы і наборы для малявання.

Нагадаем, што ў гэтым годзе Акадэмію МУС прадстаўляла сям’я Пашута. Дацэнт кафедры крыміналістыкі падпалкоўнік міліцыі Ігар Пашута і старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі ГУУС Мінгарвыканкама маёр міліцыі Наталля Пашута выхоўваюць трох сыноў: Івана, Сямёна і Яраслава.

А найлепшым юным мастаком у міліцэйскай ВНУ сёлета стала Варвара Стуканава – дачка начальніка кафедры псіхалогіі і педагогікі доктара педагагічных навук, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта палкоўніка міліцыі Віталя Стуканава.


Анжаліка Выджак-Таргоня, ГIГС Акадэміі МУС.
Фота Вячаслава Цуранава, газета «На варце»

Навiны