Наперад да перамогі! У Акадэміі МУС прайшло спартыўнае свята першакурснікаў

Захапляльныя спаборніцтвы, цёплыя сустрэчы з роднымі і блізкімі, эмацыйны зарад - такім запомнілася другая нядзеля навучальнага збору першакурснікаў Акадэміі МУС.

Кожны жнівень міліцэйская альма-матэр для сваіх навабранцаў праводзіць спартыўнае свята. Спаборніцтвы праходзяць як раз у той час, калі хлопцы i дзяўчата ўжо прасякнуліся курсанцкай жыццём і падцягнулі фізічную падрыхтоўку. Вось і ў гэтым годзе праз два тыдні пасля таго, як учарашнія абітурыенты пераступілі парог Акадэмii, на спартыўнай пляцоўцы сабраліся першакурснікі і ўсе тыя, хто арганізуе навучальны збор і кіруе ім - ад малодшага камандзіра да начальніка акадэміі. Падтрымлівалі юных спартсменаў іх родныя, якія прыехалі на факультэт да пачатку мерапрыемства. У вачах блізкіх і перад тварам кіраўніцтва навабранцы імкнуліся быць на вышыні. Пяць каманд, абараняючы гонар курсаў, добрасумленна, з поўнай самааддачай змагаліся за перамогу. Праграму спаборніцтваў адкрыла бегавая эстафета. Удзельнікі паказалі і хуткасць, і цягавітасць - бегчы давялося ў бронекамізэльках і з іншымі сродкамі індывідуальнай абароны. Раней за ўсіх да фінішнай рысы дабраліся спартсмены 1 «А» курса факультэта міліцыі. Што ж, першы крок на шляху да кубка пераможцаў зроблены. Заяўку на лідарства падалі яшчэ дзве каманды таго ж факультэта - прадстаўнікі 1 «В» і 1 «Б» курсаў, якія фінішавалі з другім і трэцім вынікам адпаведна. Камандны скачок у даўжыню нагадваў эстафету: кожны наступны ўдзельнік адштурхоўваўся ад рысы, да якой даскачыў папярэдні. Завяршаў дыстанцыю абавязкова афіцэр курса. Вынік, дарэчы, атрымаўся такі ж, як у бегавой эстафеце - усё тыя самыя пераможца і прызёры!

  • 2
  • 3
  • 4

Курсанты прынялі ўдзел яшчэ ў двух рознапланавых эстафетах, падчас якіх давяося весці мячы паміж фішкамі, гуляць у дартс, рознымі спосабамі перамяшчаць шыныі грузавых аўтамабіляў і выконваць шмат іншых практыкаванніяў якія запатрабавалі, вядома ж, хуткасці, спрытнасці, сілы і суладнай працы каманды. У спаборніцтвах зноў лідзіравалі будучыя аператыўнiкi (1 «А»). Заявіў пра сябе таксама 1 курс крымінальна-выканаўчага факультэта - «срэбра» ў комплекснай эстафеце. Тым часам на валейбольнай і футбольнай пляцоўках асабліва напружана змагаліся дружыны факультэтаў міліцыі (1 «В») і следча-экспертнага - так супала, што прадстаўнікі менавіта гэтых страявых падраздзяленняў сышліся ў фіналах абодвух спаборніцтваў. Удача ўсміхнулася і адным і другім - валейбалістам ФМ і футбалістам СЭФ. Каманды 1 «А» курсу занялі трэцяе месца ў абодвух відах спартыўнай праграмы. Усе ўдзельнікі і балельшчыкі спаборніцтваў горача падтрымлівалі дзяўчат-курсантаў, якія імкнуліся да асабістых рэкордаў у скачках на скакалцы. Заданне было няпростае - скакаць давялося ў групе. Найдаўжэй у фінале пратрымалася першакурсніца крымінальна-выканаўчага факультэта Людміла Манчха. Астатнія прызавыя месцы таксама засталіся за гэтым факультэтам: Марына Косач - другая, Дар'я Дробняк - трэцяя. Завяршальным этапам праграмы спаборніцтваў стала перацягванне каната. Ужо вызначаным лідарам трэба было пацвердзіць сваё званне і не ўпусціць шанец застацца ў прызёрах. Згуртаваная каманда СЭФ абрала правільную тактыку і заняла першае месца, пацясніўшы прадстаўнікоў ФМ - 1 «В» (другое месца) і 1 «А» курсы (трэцяе месца).

  • 5
  • 6
  • 9

Вывучыўшы ўсе дасягненні каманд, суддзі абвясцілі чэмпіёнаў. Пераможцам і срэбным прызёрам, якіх падзяліў усяго адзін бал, сталі каманды 1 «А» і 1 «В» курсаў факультэта міліцыі адпаведна. На трэцім ганаровым - следча-экспертны факультэт. Вось і з'явіліся ў навабранцаў першыя ўзнагароды - выдатны старт на курсанцкiм шляху даўжынёй на чатыры гады. Начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Уладзімір Бачыла павіншаваў пераможцаў і прызёраў, уручыўшы ім кубкі, дыпломы і спартыўны інвентар. Усім удзельнікам кіраўнік пажадаў поспехаў як у спорце, так і ў вучобе. Ніколі не здавацца, заўсёды настойліва дабівацца пастаўленых мэтаў. А добрай дапамогай у гэтым паслужыць здаровы лад жыцця - крыніца энергіі і сіл для новых дасягненняў. Дапамагчы курсантам у фізічным удасканаленні і правесці яшчэ шмат спаборніцтваў паабяцаў непасрэдны арганізатар спартыўнага свята - калектыў кафедры прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі. У працяг дня прайшлі сустрэчы навабранцаў з іх роднымі і блізкімі.


Анастасія Воінава, ГIГС Акадэміі МУС.
Фота аўтара

Навiны