Пайшоў з жыцця былы начальнік Акадэміі МУС Уладзімір Антонавіч Данько

Уладзімір Антонавіч Данько прайшоў доўгі жыццёвы і прафесійны шлях. Міліцэйскай ВНУ кіраваў у 1995-1999 гадах.

Нарадзіўся будучы генерал у 1941 годзе ў в. Сэрвач Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў сталічным будаўнічым вучылішчы, пасля размеркавання застаўся ў Менску працаваць па спецыяльнасці. У верасні 1961 года пайшоў служыць у танкавыя войскі Беларускай ваеннай акругі. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ імя У.І. Леніна ў 1970 годзе.

Службу ў органах унутраных спраў пачаў у 1965 годзе ў якасці ўчастковага ўпаўнаважанага аддзела міліцыі Фрунзенскага райвыканкаму горада Мінска. У 1967-1981 гадах - старшы інспектар службы Фрунзенскага аддзела міліцыі, інспектар аддзела службы УУС Мінгарвыканкама, начальнік аддзялення службы, намеснік начальніка Цэнтральнага РАУС, начальнік Маскоўскага РАУС Мінска. У 1981-1985 гадах - намеснік начальніка, начальнік упраўлення аховы грамадскага парадку МУС БССР. Са снежня 1985 па сакавік 1991 года - начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. 28 сакавіка 1991 года прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў - начальнікам Штаба МУС БССР. Пазней займаў пасады першага намесніка міністра, міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

На пасаду начальніка Акадэміі МУС прызначаны 20 снежня 1995 года. Кіраваў міліцэйскай ВНУ Уладзімір Антонавіч да 1999 года. У.А. Данько ўнёс вялікі ўклад ва ўдасканаленне работы савета акадэміі. 1990-я былі гадамі станаўлення і фарміравання Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы, што адбілася на задачах, пастаўленых перад саветам ў галіне навучання і выхавання кадраў для органаў унутраных спраў і іншых ведамстваў.

За шматгадовую плённую працу ў органах унутраных спраў, вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне законнасці і правапарадку ў рэспубліцы, заслугі ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў і навуковых кадраў узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" III ступені, медалямі «За бездакорную службу» I, II і III ступені , за актыўны ўдзел у забеспячэнні грамадскага парадку ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення XII Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве - медалём «за выдатную службу па ахове грамадскага парадку". Ганараваны іншымі узнагародамі і заахвочваннямі.

У снежні генерал-лейтэнанту ўнутранай службы ў адстаўцы Уладзіміру Антонавічу Данько споўнілася б 77 гадоў. Кіраўніцтва, савет ветэранаў і ўвесь калектыў Акадэміі МУС глыбока смуткуюць у сувязі са смерцю Уладзіміра Антонавіча і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.


 ГІГС Акадэміі МУС.
Фота з архіву Акадэміі МУС

Навiны