Служу Рэспубліцы Беларусь! У Акадэміі МУС адбыўся выпуск завочнікаў

У Акадэміі МУС уручылі дыпломы аб паспяховым заканчэнні навучальнай установы і прысваенні кваліфікацыі «юрыст» выпускнікам завочнага аддзялення.

Асаблівы настрой панаваў сёння ў акадэміі з самай раніцы. Дзень, якога так доўга чакалі 512 выпускнікоў: слухачоў аддзялення завочнага навучання факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых кадраў і студэнтаў факультэта права, падарыў не толькі атмасферу свята, але і выдатнае сонечнае надвор'е.

Шматлікія госці, сярод якіх кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў, дэпартаментаў МУС, ГУУС Мінгарвыканкама, УУС Мінскага аблвыканкама, ветэраны праваахоўных органаў, прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы, журналісты і, вядома, бацькі, блізкія і сябры выпускнікоў, стваралі асаблівую ўрачыстасць. Хваляваліся толькі самі віноўнікі ўрачыстасці. Бо на іх - прыбраных і сур'ёзных, якія стаялі на пляцы акадэміі ў складзе навучальных груп, былі звернуты ўсе погляды.

Вынас Сцяга Акадэміі МУС, даклад начальніка ўстановы адукацыі генерал-маёра міліцыі Уладзіміра Бачылы міністру ўнутраных спраў генерал-лейтэнанту міліцыі Ігару Шуневічу пра гатоўнасць да правядзення выпуску - з гэтага пачаўся ўрачысты рытуал.

- Для ўсіх нас гэты выпуск асаблівы. Ён праводзіцца ў год 60-годдзя з дня ўтварэння акадэміі, - звярнуўся з прывітальным словам Уладзімір Уладзіміравіч. - Паважаныя выпускнікі! Прафесія юрыста адносіцца да ліку тых, якая патрабуе бездакорнага выканання закона і забеспячэння вяршэнства права. Наш час насычаны рознымі падзеямі, няпростымі сітуацыямі, калі нярэдка складана знайсці дакладнае рашэнне. Таму звычайнаму грамадзяніну асабліва важна ведаць, што побач ёсць тыя, хто здольны дапамагчы,  стаўшы на абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадства, канстытуцыйных правоў і свабод чалавека. Я ўпэўнены, што вучоба ў акадэміі застанецца для вас адной з самых яркіх старонак жыцця. Мы шчыра спадзяёмся, што дапамаглі вам канчаткова вызначыць кірунак прафесійнага развіцця і кар'ернага росту.

І вось ён - кульмінацыйны момант рытуалу: «Акадэмія! Раўняйсь! Смірна! Дыпломы аб вышэйшай адукацыі ўнесці!». Пасля атрымання з рук міністра ўнутраных спраў, начальніка акадэміі і ганаровых гасцей дыпломаў і нагрудных знакаў Акадэміі МУС, над пляцам ВНУ прагучала звонкае трохразовае «Ура» і ў суправаджэнні аркестра ўнутраных войскаў МУС удзельнікі мерапрыемства выканалі Дзяржаўны гімн Беларусі.

Ігар Шуневіч павіншаваў дыпламаваных юрыстаў са святам:

- Хацелася б словы падзякі сёння выказаць прафесарска-выкладчыцкаму складу акадэміі, хто ўжо шмат дзесяцігоддзяў выконвае важную і ганаровую місію - рыхтуюць салдат правапарадку для ўсёй праваахоўнай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў. Нізкі паклон за іх карпатлівую і сардэчную працу. Паважаныя калегі! Я ўсім вам жадаю здароўя, прафесійнага росту і каб вы на практыцы ўвасобілі свае веды, уменні і навыкі, якія атрымалі ў сценах нашай роднай акадэміі.

За праяўленую прафесійную ініцыятыву і высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці першы намеснік начальніка Акадэміі МУС палкоўнік міліцыі Аляксей Башан узнагароджаны ганаровай граматай Міністэрства ўнутраных спраў. Падзяка аб'яўлена начальніку кафедры псіхалогіі і педагогікі палкоўніку міліцыі Віталю Стуканаву і начальніку аддзялення завочнага навучання факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых кадраў падпалкоўніку міліцыі Алене Окала-Кулак.

За дасягненне высокіх вынікаў у службовай дзейнасці, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці акадэміі шэраг сённяшніх выпускнікоў аддзялення завочнага навучання і факультэта права ўзнагароджаны начальнікам ВНУ нагрудным памятным знакам «установа адукацыі « Акадэмiя Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ». 60 год ».

За сваю гісторыю акадэмія падрыхтавала больш за 31 тысячу спецыялістаў з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, сярод якіх 5 міністраў унутраных спраў Беларусі, у тым ліку і цяпер дзеючы - Ігар Шуневіч, адзначыў начальнік ВНУ. І падарыў выпускніку 1992 года паменшаную копію «курсанта» - цэнтральнай скульптуры адкрытага ў дзень юбілею альма-матэр мемарыяла «Алея Памяці, Гонару, Славы». У сваю чаргу міністр уручыў начальніку акадэміі падарункавы сертыфікат на інтэрактыўную сістэму маніторынгу і ацэнкі ведаў. Праграмна-апаратны комплекс адкрые шырокія магчымасці ў арганізацыі навучальных заняткаў з выкарыстаннем мультымедыйных тэхналогій, дазволіць праводзіць тэсціраванне і галасаванне розных відаў, а пры праверцы ведаў - нават у вельмі вялікай аўдыторыі - адсочваць у онлайн-рэжыме праблемныя вобласці ў кожнага навучэнца.

Па традыцыі выпускнікоў блаславіў прадстаўнік Аляксандра-Неўскага храма Дзімітрый Харошка.

Завяршылася свята праходжаннем учарашніх слухачоў і студэнтаў урачыстым маршам у складзе навучальных груп перад кіраўніцтвам акадэміі, прафесарска-выкладчыцкім складам і гасцямі.

Букеты кветак, мора фотаздымкаў на памяць, сяброўскія абдымкі з аднакурснікамі, інтэрв'ю перад тэлекамерамі, віншаванні і шчырыя словы падзякі сваім педагогам - такім запомніцца гэты дзень для віноўнікаў урачыстасці.

- Маё рашэнне паступіць у акадэмію выклікана тым, што я цвёрда перакананы: кожны супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны скончыць профільную ВНУ, - падзяліўся выпускнік ВНУ, старшы інспектар групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы Пухавіцкага аддзела Дэпартамента аховы маёр міліцыі Максім Блізнюк. - Тут створана выдатная база, а прафесарска-выкладчыцкі склад укладвае максімум старанняў і сіл, каб падрыхтаваць прафесіяналаў сваёй справы.

А інспектар аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пухавіцкага РАУС старшы лейтэнант міліцыі Марына Масленікава перакананая, што ў свой час зрабіла правільны выбар:

- Працаваць і вучыцца складана, але я хачу сказаць вялікі дзякуй выкладчыкам за той багаж ведаў, што яны нам далі. І асобны дзякуй за сённяшняе свята. Трымаючы ў руках дыплом, я разумею, наколькі гэта для мяне важна.

Дарагія выпускнікі! Кіраўніцтва і прафесарска-выкладчыцкі склад Акадэміі МУС жадае вам поспеху і дабрабыту ва ўсіх пачынаннях!

Анжаліка Выджак-Таргоня, ГІГС Акадэміі МУС.
Фота Анастасіі Воінавай

Навiны