Выпуск школы выкладчыкаў-пачаткоўцаў Акадэмii МУС

У Акадэміі МУС адбыўся выпускны занятак школы выкладчыка-пачаткоўца. Па традыцыі падведзены вынікі працы і адзначаны лепшыя.

Выкладчыкі-пачаткоўцы акадэміі, сярод якіх былыя ад'юнкты і магістранты, практычныя супрацоўнікі органаў унутраных спраў, у пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці адчуваюць пэўныя цяжкасці, звязаныя з адсутнасцю вопыту. Выкладчыкаў-пачаткоўцаў падпільноўваюць такiя цяжкасцi, як няўменне дакладна разлічыць час на занятку, лагічна выбудаваць паслядоўнасць яго этапаў, растлумачыць матэрыял, наладзіць узаемаадносіны з курсантамі. Сучасны рытм жыцця патрабуе ад педагогаў бесперапыннага прафесійнага росту, творчага стаўлення да працы, валодання інавацыйнымі тэхналогіямі навучання і выхавання. Спецыялiсты павінны не толькі асвоіцца ў новым калектыве і набыць педагагічныя ўменні і навыкі, але і навучыцца пісьменна і эмацыйна гаварыць, выбіраць аптымальныя формы і метады навучання, матываваць курсантаў да вывучэння  вучэбных дысцыплін, якія ім выкладаюцца. Гэта значыць, павінны ведаць, як вучыць.  Дапамагае  ў гэтым школа выкладчыка-пачаткоўца.

План работы школы фармуецца з улікам інтарэсаў слухачоў школы на аснове праграм адпаведных вучэбных дысцыплін. Праводзяцца навучальныя семінары, праблемныя лекцыі, круглыя сталы метадычнага характару. У гэтым навучальным годзе выкладчыкі-пачаткоўцы змаглі пераканацца ў эфектыўнасці метаду графічнай фасілітацыі, прымянення дыдактычных гульняў на вучэбных занятках, даведаліся пра формы і метады правядзення актуалізацыі апорных ведаў і рэфлексіі, вывучылі асновы арганізацыі адукацыйнага працэсу. Супрацоўнікі вучэбна-метадычнага ўпраўлення Алена Каценка, Таццяна Шчэрба, Кацярына Лексіна, Галіна Бабіч, Юлія Казяк пастараліся творча падысці да падрыхтоўкі вучэбных заняткаў, падзяліліся сакрэтамі педагагічнага майстэрства.

Асаблівую цікавасць у выкладчыкаў-пачаткоўцаў выклікаў занятак-дэманстрацыя практычнага вопыту дацэнта кафедры крымінальнага працэсу акадэміі Марыі Якубель, падрыхтаваны сумесна з вучэбна-метадычным упраўленнем. У ходзе занятка былі закрануты пытанні інтэнсіфікацыі працэсу дыягностыкі ведаў, асветлены ўласны вопыт рэалізацыі рэйтынгавай сістэмы, дадзены практычныя рэкамендацыі педагогам-пачаткоўцам.

Важным напрамкам работы школы традыцыйна з'яўляецца аказанне дапамогі выкладчыкам-пачаткоўцам у падрыхтоўцы вучэбных заняткаў. Распрацоўка планаў-канспектаў з улікам сучасных тэндэнцый у педагогіцы вышэйшай школы дазволіла выкладчыкам-пачаткоўцам замацаваць і прымяніць на практыцы атрыманыя ў школе веды і ўменні.

Выпускны занятак школы выкладчыка-пачаткоўцы Акадэмii МУС

У якасці выпускной працы слухачы школы падрыхтавалi артыкулы для інфармацыйна-метадычнага зборніка акадэміі «Арганізацыя адукацыйнага працэсу» - аўтары падзяліліся сваімі метадычнымі напрацоўкамі, закранулi праблемныя пытанні выкладання вучэбных дысцыплін. Па выніках конкурсу выпускных работ былі адзначаны артыкулы старшага выкладчыка Дзмітрыя Ягорава (кафедра адміністрацыйнай дзейнасці), выкладчыкаў Святаслава Бардзіновіча (кафедра аператыўна-вышуковай дзейнасці), Руслана Беразнëва (кафедра грамадзянскага і працоўнага права), Юрыя Машталера (кафедра крымінальнага права і крыміналогіі). На выпускным занятку дыпломы школы ўручыў аўтарам часовы выканаўца абавязкаў па пасадзе начальніка Акадэміі МУС Аляксей Башан.


Галіна Бабіч, вучэбна-метадычнае ўпраўленне.
Фота Анастасii Воiнавай, ГIГC Акадэміі МУС

Навiны