Агляд-конкурс сярод курсантаў - малодшых камандзіраў Акадэміі МУС

Cтаўшы традыцыйным агляд-конкурс вызначыў лепшых малодшых камандзіраў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх трох курсанцкіх факультэтаў.

Мерапрыемства прайшло пад кіраўніцтвам намесніка начальніка Акадэміі МУС па страявой частцы палкоўніка міліцыі Валянціна Цурко. На базе следча-экспертнага факультэта адбыліся першыя выпрабаванні па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы. У ціры курсанты дэманстравалі трапнасць у стральбе з пісталета Макарава. У спартыўным гарадке бегалі на дыстанцыю 1500 м, скакалі ў даўжыню з месца і выконвалі сілавыя практыкаванні на перакладзіне.

Наступныя этапы конкурсу праводзіліся ў сценах факультэта міліцыі. У першую чаргу правяралася страявая падрыхтоўка. Малодшы камандзір павінен не проста быць прыкладам для падначаленых, але і дзяліцца з імі ведамі, таму ацэньваліся як асобныя страявыя прыёмы, так і выкананне заданняў па методыцы навучання.

Таксама праводзілася тэсціраванне па медыцынскай падрыхтоўцы, дзелавой этыцы і іншых прадметах, у якіх добра разбірацца павінен кожны малодшы камандзір. Асаблівая ўвага нададзена праверцы навыкаў працы на кампутары.

Пераможцаў конкурсу вызначалі ў розных катэгорыях. Акрамя вынікаў выпрабаванняў на вынікі паўплываў шэраг крытэрыяў - паспяховасць, дысцыпліна, парадак у размяшчэнні. Так, сярод старшын курсаў першае месца заняў Аляксей Фурманаў (3 курс следча-экспертнага факультэта), другое месца - Аляксей Касцюк (1 «А» курс факультэта міліцыі), трэцяе месца - Міхаіл Марцынкевіч (1 курс крымінальна-выканаўчага факультэта).

Лепшы вынік сярод камандзіраў груп (у падначаленні да 30 чалавек) - у крымінальна выканаўчага факультэта прадстаўнікі якога Ігар Нахабцаў і Аляксей Зюзін (абодва - 3 курс) занялі першае і трэцяе месца адпаведна. Курсант 3 курса СЭФ Мікіта Сацукевіч - на другім месцы.

Крымінальна-выканаўчы факультэт перамог таксама па выніках камандзіраў аддзяленняў (у падначаленні да 10 чалавек) - першае месца заняў трэцякурснік Аляксандр Зубко. На другім радку выніковай табліцы - курсант 2 «В» курса ФМ Ілля Уюшын. Трэцім стаў трэцякурснік СЭФ Ілля Ляшчынскі.

Пасля агляду-конкурсу малодшых камандзіраў былі абвешчаныя спаборніцтвы сярод афіцэраў курса. Па выніках выпрабаванняў, якія праводзяцца 21-25 траўня, лепшыя ўдзельнікі будуць вызначаныя ў розных намінацыях.


Анастасія Воінава, ГІГС Акадэміі МУС.
Фота аўтара

Навiны