Спаборніцтвы па практычнай стральбе вызначылі самых меткіх курсантаў

У Акадэміі МУС вызначаны самыя меткія курсанты - юнакі і дзяўчаты. Першынство прайшло пры падтрымцы Беларускай федэрацыі практычнай стральбы.

Цір факультэта міліцыі 3 мая прымаў вузаўскія спаборніцтвы па практычнай стральбе з 9-мм пісталета Макарава па правілах міжнароднай канфедэрацыі практычнай стральбы (IPSC). Спаборніцтва такога фармату прайшлі ў акадэміі ўпершыню. Арганізатарам па традыцыі выступіла кафедра тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі. Адкрылі спаборніцтвы начальнік кафедры Дзмітрый Ермаловіч і старшыня прэзідыума Беларускай федэрацыі практычнай стральбы Яўген Шабайлаў.

Дарэчы, на кафедры важным напрамкам дзейнасці з'яўляецца падрыхтоўка зборнай ВНУ па стральбе з табельнай зброі. Праца, арганізаваная ў рамках груп спартыўнага ўдасканалення, дае свае вынікі: каманда акадэміі неаднаразова станавілася прызёрам і пераможцам чэмпіянатаў МУС і праваахоўных органаў Беларусі. Сярод выпускнікоў, былых выхаванцаў кафедры, нямала майстроў і кандыдатаў у майстры спорту.

Да ўдзелу ў цяперашніх спаборніцтвах запрашаліся і курсанты, і супрацоўнікі міліцэйскай альма-матэр. Асабісты залік сабраў 42 стралка. У кожным туры ўдзельнікі выконвалі адно практыкаванне. Паспяхова паказаўшы сябе на адборачным этапе (з каэфіцыентам эфектыўнасці не менш 1,7), далей прасунуліся 20 стралкоў. (Для даведкі: каэфіцыент эфектыўнасці - велічыня, якая атрымліваецца з дзялення сумы ачкоў, выбітых на практыкаванні, на час, патрачаны на яго выкананне).

Па выніках спаборніцтваў першае і трэцяе месцы занялі трэцякурснікі факультэта міліцыі Яўген Савянок і Уладзіслаў Кравец адпаведна. «Срэбра» забраў другакурснік следча-экспертнага факультэта Уладзіслаў Пакштас. Вызначаны таксама вынікі сярод курсантаў-дзяўчат: у тройцы лідэраў - трэцякурсніцы. Першае месца - Наталля Петухова (СЭФ), другое месца - Дар'я Иванковіч, трэцяе месца - Наталля Валчкова (абедзве - крымінальна-выканаўчы факультэт).


ГІГС Акадэміі МУС

Навiны