Выпускнікі Акадэміі МУС - лаўрэаты рэспубліканскага конкурсу навуковых работ

Па выніках XXIV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў перамаглі 10 прадстаўнікоў Акадэміі МУС. Двое ўдастоены звання лаўрэатаў.

Сярод лаўрэатаў конкурсу - прадстаўнікі Акадэміі МУС: выпускніца магістратуры Ганна Матыліцкая і выпускнік факультэта міліцыі Сяргей Пятліцкі (на першым фота). Ганна перамагла з навуковай працай «Абарона камерцыйнай таямніцы і яе характэрныя асаблівасці». Сяргей паспяхова рэалізаваў даследаванні па тэме «Прававыя асновы і асаблівасці абароны асоб, якія аказваюць садзейнічанне на канфідэнцыйнай аснове, якіяў дзельнічаюць у крымінальным працэсе і аператыўна-вышуковай дзейнасці». Дарэчы, наш выпускнік ужо быў заахвочаны за перамогу ў 23-м рэспубліканскім конкурсе прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Аўтары работ першай катэгорыі - выпускнікі акадэміі Сяргей Гайковіч, Аляксандр Ермалаеў, Міхаіл Калупановіч, Арцём Міхеенка, Уладзімір Маскалюк, Мікіта Самусеў, Аляксандр Цясленак, а таксама курсант факультэта міліцыі Надзея Каспяровіч.

Тэматыка работ разнастайная. Напрыклад, даследаванні праведзены ў галіне функцыянавання крымінальна-выканаўчай сістэмы, у сферы аператыўна-вышуковай дзейнасці і падрыхтоўкі кадраў для праваахоўных органаў. Так, выпускнікі магістратуры паспяхова падсумавалі свае даследаванні па тэмах «Прававыя і арганізацыйныя аспекты выхаваўчай працы ў лячэбна-працоўных прафілакторыях» (Сяргей Гайковіч) і «Адміністрацыйна-прававыя і арганізацыйныя асновы прафесійнай адукацыі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» (Аляксандр Ермалаеў). Капітан міліцыі Сяргей Гайковіч, дарэчы, выпускнік крымінальна-выканаўчага факультэта 2011 года, сёння працуе ў Акадэміі МУС выкладчыкам кафедры крымінальна-выканаўчага права.

Выпускнікі факультэта міліцыі падрыхтавалі працы «Планаванне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па справах аператыўнага ўліку, заведзеных у падраздзяленнях па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, з мэтай дакументавання злачынстваў у сферы гандлю» (Міхаіл Калупановіч), «Дзейнасць суб'ектаў аператыўна-вышуковай дзейнасці па спыненні злачынстваў, звязаных з незаконнай міграцыяй» (Аляксандр Цясленак - уладальнік прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта за перамогу ў 23-м рэспубліканскім конкурсе). Да асаблівасцяў аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў звярнуўся Уладзімір Маскалюк.

Выпускнік следча-экспертнага факультэта Арцём Міхеенка раскрыў тэму «Віды саўдзельнікаў злачынства: праблемы тэорыі і практыкі». Мікіта Самусеў (гэты ж факультэт) стаў аўтарам адразу двух прац, адзначаных дыпломамі першай катэгорыі: «Супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў у Рэспубліцы Беларусь» і «Адміністрацыйна-прававыя і арганізацыйныя асновы тактыкі аховы грамадскага парадку».

Курсант факультэта мiлiцыi Акадэмii МУС Надзея Каспяровiч (злева) - прэзiдэнцкi стыпендыят

Прэзідэнцкі стыпендыят Надзея Каспяровіч (на другім фота - злева) вучыцца на 4 «Б» курсе факультэта міліцыі па спецыялізацыі «адміністрацыйна-прававая дзейнасць» спецыяльнасці «правазнаўства». Гэтай вясной праходзіць пераддыпломную практыку па месцы будучай службы - у Пастаўскім РАУС УУС Віцебскага аблвыканкама. Высокую ацэнку на 24-м рэспубліканскім конкурсе атрымалі даследаванні курсанта на тэму «Тэарэтычныя і практычныя аспекты рэалізацыі прынцыпу законнасці ў дзейнасці органаў унутраных спраў».


ГІГС Акадэміі МУС.
Фота з архіву Акадэміі МУС

Навiны