Акадэмія МУС выдала новы падручнік па крыміналогіі

«Крыміналогія і прафілактыка злачынстваў» - новае вучэбнае выданне Акадэміі МУС. Гэта вынік шматгадовага даследавання развіцця злачыннасці ў нашай краіне.

Падручнік падрыхтаваны пад рэдакцыяй прафесара кафедры крымінальна-выканаўчага права крымінальна-выканаўчага факультэта Валерыя Ананіча. Акрамя супрацоўнікаў вядучай міліцэйскай УВА у склад аўтарскага калектыву ўвайшлі навукоўцы з Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі і Ваеннай акадэміі.

Кніга ўвабрала ў сябе вынікі даследавання злачыннасці ў дзяржаве, яе сучасных тэндэнцый, прычын і ўмоў, што абумовiлi стан і развіццё крыміналу. Дадзена ацэнка эфектыўнасці сістэмы папярэджання злачыннасці.

Прафесар Акадэміі МУС Валерый Антонавіч Ананіч

Пры навуковым кіраўніцтве падрыхтоўкай выдання Валерый Ананіч значную ўвагу надаў актуальным тэарэтычным палажэнням навукі крыміналогіі, а з улікам сучаснага стану злачыннасці ў нашай краіне - вывучэнню крыміналагічнай характарыстыкі асобных відаў злачынстваў, у тым ліку негатыўных сацыяльных з'яў, звязаных з крыміналам.

Выданне прызначана для навучэнцаў па спецыяльнасцях «Правазнаўства» і «Судовыя крыміналістычныя экспертызы», а таксама для ўсіх зацікаўленых у пазнанні тэарэтычнай базы процідзеяння злачыннасці.


ГІГС Акадэміі МУС
па матэрыялах Святланы Казакевіч,
кафедра крымінальна-выканаўчага права

Навiны