Тэорыя і практыка: Акадэмія МУС правяла алімпіяду праваахоўнікаў

Упершыню юрыдычная алімпіяда міліцэйскай альма-матар выйшла на рэспубліканскі ўзровень. На спаборніцкай пляцоўцы змагаліся 12 каманд студэнтаў і курсантаў.

З розных рэгіёнаў рэспублікі самыя разумныя і таленавітыя хлопцы прыехалі ў Мінск для ўдзелу ў чвэрцьфінале. Каманды прайшлі адборачны тур «Мастацкая гімнастыка». У рамках гэтага этапу кожная каманда распрацавала банер па сацыяльна-прававой тэматыцы.

Вось яны - 12  зборных:

  • «ACADEMIUS» (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Беларусі);
  • «Авангард Феміды» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт);
  • «Менталітэт» (Магілёўскі інстытут МУС);
  • «Мудрыя совы» (Міжнародны ўніверсітэт «МИТСО»);
  • «Nota Bene» (Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны);
  • «Правакацыя» (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт);
  • «Саўдзельнікі» (Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава);
  • курсанцкія каманды «VVV», «Ад заходу да світання», «Зборнік узораў», «Сіла права», «Памнажаць!», якія прадстаўляюць Акадэмію МУС.

  • 1
  • 2
  • 3

Адкрыццё алімпіяды прайшло ў незвычайным фармаце Pizza Pitch. У сяброўскай атмасферы і па-сапраўднаму ўтульнай абстаноўцы ўдзельнікі форуму падмацавалі сілы смачнай піцай, пазнаёміліся адзін з адным, арганізатарамі і журы. А далей... пачаліся няпростыя конкурсныя выпрабаванні.

  • 1
  • 2
  • 3

У ходзе чвэрцьфіналу маладыя юрысты вырашалі задачы, разгадвалі трыяды, выконвалі заданні ў форме тэсту. Не сумавалі ўдзельнікі і тады, калі журы занялося падвядзеннем вынікаў. Для удзельнікаў  акадэмія  падрыхтавала канцэрт-у знак таго, што алімпіяда не толькі сур'ёзнае мерапрыемства, але і свята.

  • 1
  • 2
  • 3

Насычаны, напружаны, інтэнсіўны дзень прынёс пуцёўкі ў паўфінал зусім не ўсім удзельнікам. Такія правілы алімпіяды. У наступны тур выйшлі чатыры дружыны-госці з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны, Белдзяржуніверсітэта і каманда Акадэміі МУС «Памнажаць!».

Удзельнікі паўфіналу апынуліся пад пільнай увагай журы. Дарэчы, на ўсіх этапах алімпіяды ацэньвалі канкурсантаў вядучыя практыкі падраздзяленняў дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі: Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, Генеральнай пракуратуры, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта.

  • 1
  • 2
  • 3

Падчас выступленняў эксперты ўслухоўваліся ў кожнае слова-памыліцца было нельга. Бітва пачалося з «фрыстайла». Ужо сама назва кажа пра тое, што прававеды ў вольнай форме павінны былі падрыхтаваць праект заключэння экспертызы на законапраект і, галоўнае, адстаяць сваю пазіцыю.

Наступны конкурс - «Шорт-трэк» - сабраў капітанаў, якія вырашалі кароткія відэазадачы. На экране з'яўляліся кадры з вядомых мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў, а маладыя юрысты давалі прававую ацэнку дзеянням персанажаў.

Па выніках паўфіналу вызначыўся бронзавы прызёр - «Авангард Феміды» юрыдычнага факультэта БДУ. А фінальная дуэль чакала дваіх - «ACADEMIUS» і «Nota Bene».

  • 3
  • 4
  • 5

У вырашальным супрацьстаянні «Фехтаванне» каманды абаранялі пазіцыю «за»  або «супраць» па прапанаваных юрыдычных праблемах. Усяго адбылося тры двубоі. Якое меркаванне неабходна адстойваць, кожны раз вызначала лёсаванне.

Узброеныя моцнымі ведамі, нашы дуэлянты ўразілі журы, якому сапраўды няпроста даўся выбар паміж дзвюма па-сапраўднаму моцнымі камандамі. Аднак пераможца можа быць толькі адзін, і чэмпіёнскі кубак заваявалі студэнты Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. «Срэбра» алімпіяды - у каманды Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны.

 

Першы намеснік начальніка міліцэйскай установы адукацыi палкоўнік міліцыі Аляксей Башан:

- Спадзяюся, алімпіяда Акадэміі МУС стане папулярнай сярод навучэнцаў і ў наступным годзе за галоўны прыз будуць змагацца прадстаўнікі ўсіх юрыдычных факультэтаў нашай рэспублікі. Усе ўдзельнікі праявілі сябе, былі яркімі, адкрытымі, думалі нешаблонна і годна прадставілі свае ўстановы адукацыі.

Усе пераможцы і прызёры ўзнагароджаны кубкамі і каштоўнымі падарункамі. Важна, што разам з тым на памяць засталіся яркія ўражанні. Каманды не спяшаліся раз'язджацца, размаўлялі паміж сабой і з кіраўніцтвам установы адукацыi. Госці міліцэйскай альма-матар адзначылі па-хатняму ўтульную атмасферу, адкрытасць і добразычлівасць саперніцкіх бакоў, дзелавую і ў той жа час вельмі камфортную абстаноўку на алімпіядзе.


Вучэбна-метадычнае ўпраўленне, ГІГС Акадэміі МУС.
Фота вучэбна-метадычнага ўпраўлення,
Вячаслава Цуранава, газета «На варце»

Навiны