Калі прафесія выкладчыка захапіла

Калегі павіншавалі старшага выкладчыка кафедры тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі Аляксандра Анатольевіча Казлова з нагоды выхаду на заслужаны адпачынак.

Напярэдадні Дня настаўніка супрацоўнікі міліцэйскай альма-матар ушаноўвалі падпалкоўніка міліцыі ў запасе Аляксандра Казлова.

Аляксандр Анатольевіч нарадзіўся 4 красавіка 1973 года на Міншчыне. Свой прафесійны шлях пачаў у 1996 годзе ў Службе бяспекі Прэзідэнта. Некалькі гадоў таму карэнным чынам змяніў кірунак дзейнасці, прыйшоўшы на працу ў Акадэмію МУС.

На пасадзе старэйшага выкладчыка афіцэр дзяліўся ведамі і назапашаным за гады службы вопытам з навучэнцамі. Курсантам перадаваў навыкі абыходжання з агнястрэльнай зброяй, што на ўзбраенні органаў унутраных спраў.

Аляксандр Казлоў - распрацоўшчык шэрагу інавацыйных падыходаў да выкладання тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі, выкарыстання спецыяльных сродкаў. Сумесна з прафесарска-выкладчыцкім складам кафедры падрыхтаваў шэраг метадычных рэкамендацый для навучэнцаў.

Афіцэр узнагароджаны шматлікімі граматамі і медалямі, у тым ліку «За бездакорную службу» III і II ступені.

Ушанаванне выкладчыка кафедры тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі Аляксандра Анатольевіча Казлова

Падзяку за плённую працу герою ўрачыстасці выказаў начальнік кафедры палкоўнік міліцыі Дзмітрый Ермаловіч. Новаспечанага ветэрана павіншавалі кіраўнікі акадэміі і факультэтаў. Ад усяго калектыву і ветэранскай арганізацыі на адрас афіцэра-педагога прагучала шмат цёплых слоў.

Аляксандр Анатольевіч адзначыў, што з міліцэйскай альма-матар не развітваецца. Ён заўсёды гатовы дапамагчы словам і справай, таму з радасцю працягне супрацоўнiцтва і будзе ўдзельнічаць у выхаванні маладога пакалення праваахоўнікаў.


ГІГС Акадэміі МУС
па матэрыялах кафедры тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі

Навiны