Каманды ветэранаў разыгралі футбольны кубак Акадэміі МУС

Акадэмія МУС правяла чацвёрты турнір па міні-футболе, прысвечаны Дню ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў.

Дзень ушанавання ветэранаў, у мінулым Дзень савецкай міліцыі, адзначаецца штогод 10 лістапада. Гэтая дата, безумоўна, значная для праваахоўнікаў, якiя надзелі пагоны ў Савецкім Саюзе. Ветэранаў па добрай традыцыі віншуюць ва ўсіх падраздзяленнях. У Акадэміі МУС нараўне з канцэртам праводзіцца яшчэ адно мерапрыемства - штогадовы святочны турнір па міні-футболе.

Сёння на спартыўнай пляцоўцы змагаліся каманды «ААТ "Беллакт”», «АБФФ» «Барысаўскі РУУС», «ДООРД МУС Рэспублікі Беларусь», «Чэрвеньскі РАУС»  і дзве зборных міліцэйскай установы адукацыi «Акадэмія МУС» і «Ветэраны акадэміі». Паводле лёсавання апошнiм выпаў гонар адкрываць турнір. Зборная «Акадэмія МУС» сустрэлася з чэрвеньскімі футбалістамі, а ветэраны адукацыйнай установы - з прадстаўнікамі Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці.

  • 2
  • 3
  • 4

Касцяк футбольнай зборнай нашай УВА з года ў год не змяняецца. У яе складзе выступаюць кіраўнікі і выкладчыкі кафедраў, афіцэры курсаў. Пастаянны ўдзельнік турніру - намеснік начальніка акадэміі па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Аляксандр Брысюк.

Сярод самых складаных супернікаў чакана былі ветэраны асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». Аднак галоўная інтрыга трымалася да фінальных акордаў турніру. За трэцяе месца змагаліся прызёры ў сваіх падгрупах - каманды «ААТ “Беллакт”» і «Чэрвеньскі РАУС», а ветэраны міліцэйскай УВА і федэрацыі футбола аспрэчвалі кубак пераможцы.

  • 5a
  • 6
  • 8a

У выніку наймацнейшую тройку каманд-удзельніц склалі спартсмены «АБФФ» (першае месца), сярэбраныя прызёры «Ветэраны акадэміі»  і  ўладальнікі «бронзы», якія прадстаўляюць Чэрвеньскі РАУС.

Кубкі пераможцам і прызёрам уручаны ад кіраўніцтва Акадэміі МУС, арганізатараў і гасцей турніру. Асобна адзначаны гульцы, якіх судзейскі корпус прызнаў лепшымі: Сяргей Качановіч (абаронца), Сяргей Кузняцоў (бамбардзір), Дзмітрый Супель (брамнік), Аляксандр Брысюк (за вернасць футболу), а таксама каманда «ААТ “Беллакт”» (за волю да перамогі). Супрацоўнікі кафедры прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі і аддзела ідэалагічнай работы на правах галоўных арганізатараў спаборніцтва цёпла павіншавалі ўсіх удзельнікаў. Ніхто не застаўся без падарункаў, сувеніраў, увагі і памятных фотаздымкаў.

ГІГС Акадэміі МУС

Навiны