Курсанты - абітурыентам: знаёмім вучняў з Акадэміяй МУС

У мiлiцэйскай альма-матэр падвялі вынікі прафарыентацыйнай работы з удзелам курсантаў і ўзнагародзілі самых актыўных.

Вучэбна-метадычны семінар, арганізаваны групай прафесійна-арыентацыйнай работы акадэміі сабраў будучых афіцэраў, якія ўдзельнічаюць у днях адкрытых дзвярэй і па ўсёй краіне праводзяць сустрэчы з вучнямi.

- У цяперашні час Акадэмія МУС узаемадзейнічае з 68 установамі агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі, у тым ліку з 6 кадэцкімі вучылішчамі і спецыялізаваным ліцэем МУС. Створаны 227 прававых класаў і 25 прававых груп, - канстатаваў кіраўнік групы прафарыентацыйнай работы Валерый Страмбурскi.

Валерый Страмбурскi распавёў аб прафарыентацыйнай дзейнасцi Акадэміі МУС

Дарэчы, гэта амаль 5,5 тысяч вучняў! На сустрэчах з імі прадстаўнікі міліцэйскай альма-матар распавядаюць пра асаблівасці адукацыi ў акадэміі, жыццё факультэтаў, магчымасці курсантаў рэалізаваць свае рознабаковыя таленты - у навуцы, творчасці, спорце. Надаецца ўвага і прававым пытанням. Бо адна з задач курсантаў - прафілактыка і папярэджанне правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі.

- За 17 гадоў нашай працы вучні прававых класаў не пераступілі закон нават у сферы адміністрацыйнага заканадаўства! - падкрэсліў Валерый Страмбурскi.

Штогод усе ўстановы адукацыі, з якiмi мы ўзаемадзейнiчаем, замацоўваюцца за факультэтамі, якія фарміруюць групы так званых курсантаў-шэфаў. У мінулым навучальным годзе яны ажыццявілі 117 выездаў. Як правіла, у агульнаадукацыйныя ўстановы прыязджаюць іх нядаўнія выпускнікі. Такі падыход забяспечвае максімальную выніковасць прафарыентацыйных сустрэч.

Сёлета адбыўся 15-ы выпуск прававых класаў. І тут жа на вучобу ў міліцэйскую альма-матар прыйшлі 122 выпускнікі ўстаноў, якiя ўзаемадзейнічаюць з акадэміяй.

Значнасць прафарыентацыйнай работы адзначыў намеснік начальніка Акадэмii МУС Аляксандр Брысюк

Сёння прафарыентацыйнай працай займаюцца 82 курсанта. Факультэт міліцыі, як самы вялікі ў акадэміі, традыцыйна выступіў лідарам па колькасці дэлегатаў: у гэтым навучальным годзе - 43.

Значнасць працы, якая праводзіцца, адзначыў намеснік начальніка акадэмii па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Аляксандр Брысюк. Падзякі начальніка акадэміі ён уручыў самым актыўным удзельнікам гэтай дзейнасці - Вячаславу Бачынскаму, Ягору Ластоўскаму, Мікіту Сахе (факультэт міліцыі), Ксеніі Багданавай, Надзеі Бычкоўскай (следча-экспертны факультэт), Максіму Гарноўскаму, Станіславу Маролю, Марыне Мароз (крымінальна-выканаўчы факультэт).


ГІГС Акадэміі МУС
па матэрыялах групы прафарыентацыйнай работы

Навiны