На парадку дня - гендэрная культура і правы мігрантаў

Сёння ў Мінску адкрыўся навучальны курс для супрацоўнікаў кампетэнтных падраздзяленняў рэспублікі па пытаннях процідзеяння сэксуальнаму і гендэрнаму гвалту ў дачыненні да мігрантаў.

На гэтым тыдні Акадэмія МУС прымае курс павышэння кваліфікацыі для супрацоўнікаў падраздзяленняў Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта з усіх рэгіёнаў рэспублікі.

Мерапрыемства праходзіць пад эгідай Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Пры падтрымцы Еўрапейскага саюза гэтыя арганізацыі сумесна з міліцэйскім ведамствам і Дзяржпамежкамітэтам Беларусі рэалізуюць праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні пытанняў, звязаных з павелічэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў». Цяперашні навучальны курс праводзіцца на тэму «Міжнародныя стандарты і нацыянальны вопыт папярэджання і рэагавання на выпадкі сэксуальнага і гендэрнага гвалту ў дачыненні да мігрантаў».

Акадэмія МУС прымае курс павышэння кваліфікацыі для супрацоўнікаў падраздзяленняў Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта

Намеснік начальніка ДГіМ МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Татура адзначыў агульнасусветную тэндэнцыю ўзрастання міграцыйных патокаў і звязаную з гэтым праяву канфліктаў на фоне культурных і рэлігійных адрозненняў.

- У гэтых умовах значна ўзрастае роля дзяржаўных органаў, уключаных  у працу з рознымі катэгорыямі мігрантаў па папярэджанні дыскрымінацыі, - канстатаваў выступоўца. - У адпаведнасці з ускладзенымі на кампетэнтныя падраздзяленні функцыямі іх супрацоўнікі павінны процідзейнічаць сэксуальнаму і гендэрнаму гвалту ў дачыненні да мігрантаў, аказваць дапамогу пацярпелым ад падобных дзеянняў.

Саветнiк па прававых пытаннях прадстаўніцтва УВКБ ААН у нашай краіне Цімафей Саладкоў і менеджэр праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Аута Хермалахці адзначылі вынікі працы, якая праводзіцца сумесна з дзяржорганамі. У рамках гэтага супрацоўніцтва вядзецца распрацоўка праекта Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Беларусі, ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з Міжнародным цэнтрам па развіцці міграцыйнай палітыкі (ICMPD). Пляцоўкай для правядзення ў Мінску рабочых сустрэч, семінараў і трэнінгаў традыцыйна выступае Міжнародны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі Акадэміі МУС.

Акадэмія МУС прымае курс павышэння кваліфікацыі для супрацоўнікаў падраздзяленняў Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта

У падрыхтоўцы навучальных матэрыялаў для цяперашняга мерапрыемства прынялі ўдзел беларускія спецыялісты і эксперты ГА «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын». Навучальны курс дазволіць абмеркаваць тэму гендэрнай культуры, разгледзець асноўную тэрміналогію ў гэтай галіне, асаблівасці працы з рознымі катэгорыямі мігрантаў і аспекты прававога рэгулявання ў пазначанай сферы. Шэраг заняткаў пройдзе ў фармаце круглага стала і дзелавых гульняў.

Курс павышэння кваліфікацыі завершыцца 1 лістапада падвядзеннем вынікаў і ўручэннем сертыфікатаў.


ГІГС Акадэміі МУС

Навiны