Дзень адкрытых дзвярэй - экскурс у прафесію

Новы фармат правядзення дня адкрытых дзвярэй будучым абітурыентам прапанавала Акадэмія МУС. Паглядзіце, як гэта было.

Не чакаючы дзесяці раніцы, каля галоўнага корпуса міліцэйскай альма-матэр ўжо сабраліся госці. Многія прыехалі здалёк, каб бліжэй пазнаёміцца з акадэміяй. Улічваючы, што анонс мерапрыемства абяцаў яшчэ і выставу розных ведамстваў і падраздзяленняў органаў унутраных спраў, то ажыятаж быў зразумелы.

У дні адкрытых дзвярэй удзельнічалі Следчы камітэт і Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, ад Міністэрства ўнутраных спраў - Дзяржаўтаінспекцыя, Дэпартамент аховы, унутраныя войскі.

У фае акадэміі гасцей віталі курсанты факультэта міліцыі ў форме мінулых гадоў. Яны ж дапамагалі арыентавацца і распавядалі, дзе і якія выставы працуюць, раздавалі буклеты для абітурыентаў.

Прадстаўнікі ведамстваў і службаў працавалі на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, дэманстравалі тэхнічную аснашчанасць, экіпіроўку, узбраенне, адказвалі на пытанні аб праходжанні службы і нюансах працы. Сталічная ДАІ прадставіла аўтатранспарт спецыяльнага прызначэння і ўзоры тэхнічных сродкаў для забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Пляцоўку ДАІ адразу абступілі неабыякавыя да тэхнікі маладыя людзі, дзятва і дарослыя.

Прыцягнулі ўвагу перасоўны сітуацыйна-аператыўны штаб і лабараторыя Следчага камітэта. Яго прадстаўнікі толькі і паспявалі адказваць на пытанні, што паступалi з усіх бакоў.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз прымаў гасцей каля перасоўнай экспертна-крыміналістычнай лабараторыі. Ахвотных разгледзець кожную дэталь было дастаткова. Што цікавіла? Ды ўсё адразу.

Экспазіцыя Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС была ўзмоцнена міліцыянерам-кінолагам са службовым сабакам. З чацвераногім напарнікам сфатаграфаваліся, напэўна, усе дзецi без выключэння.

Маладыя людзі па чарзе прымяралі на сябе магчымыя будучыя прафесіі. Па некалькі разоў вярталіся да экспазіцый. Задавалі пытанне за пытаннем і нават пра нешта спрачаліся з бацькамі.

Да месца аказалася і палявая кухня з духмянай гарачай кашай і дужай гарбатай. Халоднай восеньскай раніцай гэта было тое што трэба! Разагрэла кроў і выступленне спецназа ўнутраных войскаў МУС.

Паралельна ў галоўным корпусе прадстаўлялі свае экспазіцыі кафедры акадэміі: выстава ўзбраення і спецыяльных сродкаў, пункты дактыласкапіі, фіксацыі слядоў злачынства, складання фотаробата. На пытанні гасцей адказвалі выкладчыкі і курсанты. Для таго, каб прымерыць нешта з амуніцыі, паспрабаваць сябе ў складанні партрэта правапарушальніка або зняць адбіткі пальцаў, выбудоўвалася чарга.

У актавай зале гасцям прапанавалі прагляд тэматычных відэафільмаў, паказальную праграму зборнай каманды акадэміі па рукапашным баі і самаабароне, выступленне салістаў аркестра ГУУС і калектыву мастацкай самадзейнасці Акадэміі МУС.

Выпускнікоў, іх бацькоў, педагогаў і вайскоўцаў тэрміновай службы, якія мараць паступіць у міліцэйскую альма-матар, вітаў кіраўнік установы адукацыi генерал-маёр міліцыі Сяргей Дарошка:

- Мы рады, што вы праявілі цікавасць да Акадэміі МУС. Вы сёння азнаёмiлiся з нашым унiверсiтэтам, парадкам падрыхтоўкі і навучання, са спецыяльнасцямі, якія вам цікавыя. Вядома, вы будзеце вызначацца, дзяліцца ўражаннямі. І мы спадзяемся, што ваш выбар спыніцца на нашай установе адукацыі. Мы будзем рады вас бачыць.

Прадстаўнікі акадэміі расказалі пра асаблівасці паступлення, спецыяльнасцi і спецыялізацыi, далейшае праходжанне службы пасля заканчэння навучання, адказалі на пытанні залы.

Завяршыўся дзень адчыненых дзвярэй экскурсіяй па акадэміі.

Адказваючы на пытанні журналістаў, якімі акадэмія бачыць сваіх абітурыентаў, першы намеснік начальніка акадэміі палкоўнік міліцыі Аляксей Башан адказаў: «Наш абітурыент - чалавек неабыякавы, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, з абвостраным пачуццём справядлівасці».

- Гэта вельмі важна, - працягнуў Аляксей Уладзіміравіч. - Работа праваахоўніка патрабуе самаахвярнасці, у шкоду асабістаму часу і асабістым інтарэсам. Таму для нас вельмі важна выбраць тых, каму гэтая прафесія падабаецца, каму яна цікавая. Важна, каб наш абітурыент аддаваўся гэтай прафесіі і разумеў, што гэта праца. Таму сёння мы паказалі, як і што ў нас адбываецца, чым мы жывем, чаму мы вучым і якіх спецыялістаў мы хочам атрымаць у выніку.

Павел, камандзір узвода на чацьвёртым курсе Спецліцэя МУС, хоча пайсці па слядах блізкага чалавека, супрацоўніка органаў унутраных спраў, маёра міліцыі:

- Мне хочацца працягнуць яго шлях, паўтарыць яго лёс, быць такім, як ён.

На пытанне, што самае складанае ў службе, Павел, не задумваючыся, адказаў: дысцыпліна. Галоўнае - быць упэўненым, дысцыплінаваным, і ўсё атрымаецца. Такія дні адкрытых дзвярэй патрэбныя, каб больш даведацца аб акадэміі, распарадку дня, убачыць усе сваімі вачыма. Мне і маім сябрам вельмі спадабалася.

Ангеліну з Полацкага кадэцкага вучылішча ўразілі аўтатэхніка, сама выстава і тое, як падрабязна пра ўсё распавядалі. Па словах дзяўчыны, ёй яшчэ больш захацелася паступіць у акадэмію.

Кіраўнік групы прафарыентацыйнай акадэмii Валерый Страмбурскі з гонарам знаёміў з адной з самых вялікіх дэлегацый - з сярэдняй школы № 28 Брэста. З установай адукацыі наша установа адукацыi супрацоўнічае 15 гадоў. Дарэчы, менавіта гэтая школа першая ў вобласці адкрыла прававыя класы. У агульнай складанасці, 50 выпускнікоў гэтых класаў у свой час скончылі нашу акадэмію і працягваюць у ёй вучыцца.


ГIГС Акадэмii МУС

Навiны