«Акадэмікі» - чэмпіёны па самаабароне!

На Мінскім чэмпіянаце БФСТ «Дынама» па самаабароне за перамогу змагаліся 42 каманды.

На базе в/ч 3214 чэмпіянат Мінскай міжтэрытарыяльнай арганізацыйнай структуры БФСТ «Дынама» сабраў каля 200 прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Нагадаем, самаабарона - від спорту, які з'яўляецца неабходнай часткай прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў ОУС. Веданне баявых прыёмаў барацьбы прадэманстравалі на спаборніцтвах лепшыя спартсмены міліцэйскага ведамства.

У рамках першага тура ацэньвалася выкананне прыёмаў: вызваленне ад захопаў, абарона ад атакі з нажом і пагрозы агнястрэльнай зброяй... Удзельнікі па квітках, як на экзамене, дэманстравалі свае адказы на спартыўнай пляцоўцы.

На другім этапе адбыліся спаборніцтвы па самба ў сямі вагавых катэгорыях.

Ураджай узнагарод сабралі прадстаўнікі Акадэміі МУС. У асабістым заліку «золата» ў супрацоўнікаў кафедры прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі Вадзіма Рудзько і Аляксея Сцепанькова. «Срэбра» выйгралі іх калегі Максім Казачонак і Павел Навічкоў, а таксама курсанты Уладзімір Гадлеўскі (3 курс следча-экспертнага факультэта) і Iслам Качабекаў (3 курс факультэта міліцыі). Чацвёртакурснік ФМ Раман Даміеў замкнуў тройку прызёраў у сваёй вагавай катэгорыі.

Асабістыя рэкорды забяспечылі перамогу ўсёй камандзе Акадэміі МУС. На другой ступені п'едэстала гонару спартсмены УУС Мінскай вобласці, «бронза» ў ГУУС Мінгарвыканкама.


ГІГС Акадэміі МУС
па матэрыялах Мікалая Цыркунова, Паўла Навічкова,
кафедра прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі.
Фота кафедры

Навiны