У «СБ. Беларусь сёння» - аб падрыхтоўцы змагароў з кіберзлачыннасцю

У газеце «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў першы спецвыпуск Акадэміі МУС. На старонках выдання - нюансы падрыхтоўкі па кірунку «Процідзеянне кіберзлачыннасці і камп'ютарная разведка».

Для акадэміі, якая два гады запар станавілася лаўрэатам прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці, важна заўсёды быць на крок наперадзе падзей. «Добрыя гульцы знаходзяцца там, дзе шайба. Вялікія - там, дзе яна будзе, - працытаваў вядомага канадскага хакеіста Уэйна Грэцкі першы намеснік начальніка Акадэміі МУС Аляксей Башан. - Пагадзіцеся, добра сказана. Для нас самае галоўнае - бачыць перспектыву, разумець, дзе ў наступную секунду апынецца шайба. Цяпер жа ўсе актыўна карыстаюцца банкаўскімі карткамі, у тым ліку дыстанцыйна, аплачваюць пакупкі ў інтэрнэт-краме, купляюць білет на цягнік... Аднак уся гэтая інфармацыя можа трапіць і ў рукі злачынцаў».

Задума навучання па новаму кірунку аператыўна-службовай дзейнасці, кажа афіцэр, нават не ў тым, каб падрыхтаваць спецыялістаў выключна для падраздзяленняў упраўлення «К». Інфармацыйныя тэхналогіі настолькі праніклі ў наша жыццё, што падрыхтоўка патрэбна ўсім супрацоўнікам ОУС. ІТ-тэхналогіі могуць дапамагчы ў раскрыцці крадзяжоў, забойстваў, злачынстваў, звязаных з продажам наркотыкаў і зброі і г.д. I міліцыянер, адзначае А. Башан, павінен умець працаваць з інфармацыяй у сетцы, збіраць доказы, фіксаваць электронныя сляды, выкарыстоўваць спецыяльныя праграмы і тэхніку. Менавіта гэтаму сёння гатовая навучаць акадэмія.

У «СБ. Беларусь сёння» - аб падрыхтоўцы змагароў з кіберзлачыннасцю

Вучэбная праграма першапачаткова абмяркоўвалася з практыкамі з наркакантролю, крымінальнага вышуку, службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, з кіберзлачыннасцю. Яны ж, дарэчы, вядуць лекцыі і практычныя заняткі. Таксама вывучаліся праблемы абароны інфармацыі і асаблівасці правапарушэнняў, звязаных з крадзяжамі і неправамерным доступам да асабістых дадзеных карыстальнікаў. Праводзіліся даследаванні па махлярствах у сетцы, крадзяжах з дапамогай рэквізітаў плацежных карт. Аналізаваліся меркаванні аб тым, якія ў службе ўзнікаюць складанасці, што павінен ведаць і ўмець сучасны міліцыянер.

Курсант чацвёртага курса Антон Афанаскін, камандзір групы, - адзін з 26 курсантаў , якія з гэтага навучальнага года паглыблена вывучаюць метады барацьбы з кіберзлачыннасцю. Жадаючых трапіць у новую групу было шмат. З кожным кандыдатам праводзілі сумоўе, кожны выконваў пробныя тэхнічныя заданні. Дарэчы, ужо не першы год курсанты акадэміі могуць адначасова навучацца ў Белдзяржуніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Гэтым маладым людзям, распавядае мне Антон, цяпер аддавалася перавага:

- Першапачаткова я збіраўся служыць у крымінальным вышуку ў класічным яго разуменні. А на трэцім курсе, калі пачалося вывучэнне спецыяльнай дысцыпліны (аператыўна-вышуковая дзейнасць), мяне таксама зацікавілі пытанні інфармацыйнай бяспекі. Бо сучасны міліцыянер - гэта той, хто арыентуецца і ў крымінальным праве, і ў аператыўна-вышуковай дзейнасці, і ў праграмна-тэхнічнай частцы - мовы праграмавання, шыфраванне і г.д.

Новыя вучэбныя дысцыпліны з’явiлiся на кафедрах прававой інфарматыкі і аператыўна-вышуковай дзейнасці. «Нельга сказаць, што акадэмія да гэтага не займалася дадзеным пытаннем, - удакладняе начкафедры прававой інфарматыкі Дзмітрый Лахцікаў. - Займалася, але менш комплексна».

Большая частка заняткаў - практычныя, за камп'ютарамi, а таксама ў профільных службах ОУС. Курсанты вывучаюць прававыя аспекты кібербяспекі і абароны інфармацыі, праграмнае забеспячэнне, метады злачынцаў. Трэба, да прыкладу, навучыць будучых афіцэраў здымаць адбіткі, але не пальцаў, а лічбавай дзейнасці - што чалавек рабіў за ПК або ў інтэрнэце. На заняткі таксама запрашаюць распрацоўшчыкаў спецыялізаваных праграмных прадуктаў, якія распавядаюць, напрыклад, аб праграмах для ідэнтыфікацыі, фіксацыі і дыягностыкі злачыннай дзейнасці.

Дадатковую падрыхтоўку прайшлі і выкладчыкі. Важна, падкрэслівае Д. Лахцікаў, пастаянна сачыць за інавацыямі, рынкам IT і развівацца разам з імі. Блокчэйн, крыптавалюты, ценявыя тэхналогіі - гэта ўсё рэальнасць кібербяспекі, і супрацоўнікам праваахоўных органаў неабходны навыкі працы ў ёй.

У «СБ. Беларусь сёння» - аб падрыхтоўцы змагароў з кіберзлачыннасцю

- У сучасным грамадстве амаль усе злачынствы маюць лічбавы след, яго трэба ўмець знайсці. - Начкафедры аператыўна-вышуковай дзейнасці Аляксей Тукала паведаміў, што ўсе змадэляваныя на занятках сітуацыі, па сутнасці, узятыя з жыцця. - Мы даем курсантам паглыбленыя навыкі па аператыўна-вышуковай працы ў сетцы. Тут маса асаблівасцяў. Тая ж віртуальная сувязь са злачынцам у корані адрозніваецца ад рэальнай, таму патрэбныя спецыфічныя веды, уменні і навыкі, важна ведаць асаблівы слэнг. А калі, скажам, інтэрнэт-крама - за мяжой? Або якія спосабы процідзеяння праваахоўным органам, каб тыя не маглі вылічыць прадаўца і пакупніка? Усім гэтым нюансам трэба вучыцца.

Атрыманне дыплома - не канец навучання па новым кірунку. «Трэба ўдасканальвацца на працягу ўсёй міліцэйскай кар'еры, - перакананы педагог. - Мы падтрымліваем тых, хто працягвае адукацыю пасля навучальнай установы, напрыклад, у ад'юнктуры - акадэмічнае асяроддзе заўсёды ідзе на карысць». Відавочна, што ў спецыялістах такога ўзроўню зацікаўлены ва ўсіх аператыўных службах МУС.

SB.BY - «По цифровому следу»

Навiны