Дэлегацыя ЗША абмеркавала асаблiвасцi процiдзеяння гандлю людзьмі

Амерыканская дэлегацыя азнаёмілася з працай Міжнароднага вучэбнага цэнтра Акадэміі МУС. Спектр пытанняў ахапіў дзейнасць у сферы барацьбы з гандлем людзьмі.

Замежныя спецыялісты прыбылі ў Мінск для падрыхтоўкі штогадовага дакладу Дзяржаўнага дэпартамента ЗША аб барацьбе з гандлем людзьмі ў краінах свету за мінулы год. Госці з беларускімі праваахоўнікамі абмеркавалі актуальныя пытанні ў сценах Міжнароднага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы мiграцыi i процідзеяння гандлю людзьмі.

Прадстаўнік офіса па пытаннях маніторынгу і барацьбы з гандлем людзьмі Дзярждэпартамента Кэры Джонстоўн паведаміла аб місіі дэлегацыі і адзначанай дзейнасцi. Госці звярнуліся да тэматыкi, звязанай з гандлем людзьмі, i задалі шэраг пытанняў беларускім спецыялістам.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС палкоўнік міліцыі Генадзь Казакевіч падрабязна спыніўся на асаблівасцях праваахоўнай дзейнасці ў разгляданай сферы.

Не засталіся без увагі пытанні ў галіне адукацыі і рэалізацыі навучальных праграм на міжнародным узроўні. Ключавыя моманты дэлегатам прадставіў начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Сяргей Дарошка.

Кіраўнік Міжнароднага навучальнага цэнтра паведаміў аб супрацоўніцтве з замежнымі экспертамі

У працяг тэмы кіраўнік Міжнароднага навучальнага цэнтра падпалкоўнік міліцыі Мікалай Мацукоў паведаміў аб супрацоўніцтве з замежнымі экспертамі і сумесным правядзенні шэрагу буйных міжнародных праектаў і курсаў павышэння кваліфікацыі для беларускіх і замежных спецыялістаў.

Па завяршэннi візіта ў Акадэмію МУС дэлегаты падзяліліся ўражаннямі і адзначылі змястоўнасць гутаркі.


ГІГС Акадэміі МУС

Навiны