Беларусь - Кітай: увага навучанню ў IT-сферы

У Акадэміі МУС сёння прайшла сустрэча з дэлегацыяй Кітая. Асаблівую ўвагу бакі надалі асаблівасцям IT-адукацыі ў праваахоўнай сферы.

Дэлегацыя Кітая прыбыла ў Мінск на перамовы па пытаннях гарантавання бяспекі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця Цэнтра паліцэйскага супрацоўніцтва. У фокусе ўвагі замежных калегаў значыўся і вядучы міліцэйскі унiверсiтэт Беларусі. На сустрэчы з кіраўніцтвам Акадэміі МУС дэлегацыя абмеркавала шэраг актуальных пытанняў.

Начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства грамадскай бяспекі - дырэктар Кітайскага цэнтральнага бюро Інтэрпол Дацы Дуан выказаў гатоўнасць да ўзаемадзеяння з беларускімі спецыялістамі па пытаннях, звязаных з крыміналогіяй і крымінальным працэсам. Шырокія магчымасці для абодвух бакоў адкрыты ў навукова-даследчай і адукацыйнай дзейнасці.

Вiзiт дэлегацыi Кiтая ў Акадэмію МУС Беларусi

Начальнік міліцэйскай УВА генерал-маёр міліцыі Сяргей Дарошка распавёў дэлегатам аб падрыхтоўцы кадраў для праваахоўнай сістэмы Беларусі, навуковых даследаваннях і развіцці міжнародных сувязяў Акадэміі МУС. Падчас размовы аб супрацоўніцтве з Кітаем, кіраўнік адзначыў эфектыўнасць стажыровак і прапанаваў далейшы абмен вопытам у адукацыйнай сферы.

Бакі сышліся ў меркаванні, што асаблівую актуальнасць сёння набыла падрыхтоўка кадраў па кірунку барацьбы з кіберзлачыннасцю. Адпаведная адукацыйная праграма з пачатку навучальнага года ўжо рэалізуецца ў Акадэміі МУС.

Дэлегаты высока ацанілi гасціннасць і адкрытасць міліцэйскай установы адукацыi i выказалі ўпэўненасць ва ўмацаванні ўжо існуючых партнёрскіх адносін.


ГІГС Акадэміі МУС

 

Навiны