З Днём нараджэння, дарагі наш ветэран!

Міліцэйская альма-матар цёпла павіншавала з 96-годдзем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Тамару Аляксееўну Заўгароднюю.

Старшы лейтэнант у адстаўцы Заўгародняя доўгі час кіравала спецыяльнай бібліятэкай міліцэйскай УВА. Свайго ветэрана супрацоўнікі бібліятэкі не забываюць, памятае аб Тамары Аляксееўне і ўвесь калектыў Акадэміі.

Тамара Аляксееўна сустрэла гасцей гасцінна, накрыла салодкі стол і прымала шматлікія віншаванні з нязменнай усмешкай на твары. Ва ўтульнай атмасферы ўдзельніца баявых дзеянняў распавяла, што сышла на фронт зусім маладой дзяўчынай, адразу пасля выпускнога вечара 22 чэрвеня 1941 года. Ўзгадала сваё першае баявое выпрабаванне, першы скачок з парашутам, першае выратаванне параненага салдата…

Госці пацікавіліся буднямі ветэрана. Нягледзячы на ўзрост, Тамара Аляксееўна актыўна ўдзельнічае ў працы ветэранскай арганізацыі Ленінскага раёна, сустракаецца з моладдзю і наведвае святочныя мерапрыемствы. Гасцям з акадэміі яна таксама вельмі рада. Яны, у сваю чаргу, паабяцалі падтрымліваць даўнюю традыцыю - прыязджаць у госці да свайго дарагога ветэрана, каб дапамагчы ці павіншаваць.

Нам прыемна, што ў свае 96 Тамара Аляксееўна - узор жыццялюбства, аптымізму і сапраўднага баявога афіцэра.


ГІГС Акадэміі МУС
па матэрыялах Карыны Жыгун, ПА БРСМ Акадэміі МУС

Навiны