Алена Місун: шукаць сучасныя адказы разам з аўдыторыяй

Спецвыпуск газеты «На варце», прысвечаны Дню настаўніка, знаёміць з педагогам Акадэміі МУС. Алена Мисун - афіцэр, вучоны, намеснік начальніка кафедры.

...Пасля заканчэння ў 1999-м філасофска-эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Місун працавала ў Міністэрстве абароны, а праз год працягнула службу ў Акадэміі МУС.

Патрапіўшы на кафедру кіравання і інфарматыкі ў званні прапаршчыка міліцыі, яна адразу паставіла сабе мэту рэалізавацца ў прафесіі.

Неўзабаве стала выкладчыкам на кафедры філасофіі і ідэалагічнай работы, дзе і вырасла да намесніка начальніка кафедры і палкоўніка міліцыі.

Алене Мікалаеўне ўдалося сумясціць выкладанне, навучанне ў аспірантуры і падрыхтоўку кандыдацкай дысертацыі на тэму «Прафесійная адаптацыя кадраў праваахоўных органаў». Асноўны эмпірычны матэрыял для працы атрымлівала, назіраючы за адаптацыяй курсантаў да навучання. Нямала рэкамендацый Алены Місун знайшлі адлюстраванне ў арганізацыі ідэалагічнай працы УВА.

Каля 12 гадоў Алена Мікалаеўна вяла толькі семінарскія заняткі, дзякуючы чаму атрымала немалы практычны вопыт. Зараз педагог працуе з афіцэрамі, якія паступілі ў магістратуру.

- Узаемадзейнiчаць з імі складана і цікава адначасова, - кажа суразмоўца. - Лічу, што ў навучанні важна весці палеміку, паказваць разнастайнасць поглядаў, неадназначнасць меркаванняў, выхоўваць уменне аргументавана адстойваць уласны пункт гледжання, але ў той жа час адэкватна ўспрымаць меркаванні іншых. Мае слухачы маюць значны службовы вопыт, бо гэта кіраўнікі сярэдняга і вышэйшага звяна. Часам няпроста карэктаваць іх погляды, якiя ўжо склаліся, але разам спрабуем шукаць сучасныя адказы на пытанні ў галіне кіравання калектывам, узаемадзеяння з грамадскасцю, масмедыя.

Асноўная сфера даследчых інтарэсаў афіцэра - пытанні кіравання і кадравай палітыкай у дзяржаўных органах сістэмы нацыянальнай бяспекі. Вялікую ўвагу палкоўнік надае і нюансам фарміравання грамадскага меркавання аб дзейнасці міліцыі.

- Мне падабаецца ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй, пазнаваць людзей, дзяліцца вопытам, - прызнаецца Алена Мікалаеўна. - У той жа час прафесія педагога мае на ўвазе максімальную аддачу. Аднаўляцца дапамагае падтрымка блізкіх - мужа і дачкі. Так, тры гады таму сталі фіналістамі рэспубліканскай акцыі «Сям'я! Служым разам!».


Вольга Кулікова, газета «На варце».
Фота ГІГС Акадэміі МУС

Навiны