Супрацоўнікі Акадэміі МУС - аўтары лепшых навуковых кніг

Навукоўцы сталічнай альма-матэр перамаглі ў міжнародным конкурсе «Навуковая кніга», які адбыўся на базе Акадэміі кіравання МУС Расіі.

У гэтым годдзе на форум паступіла больш за 300 выданняў з 55 навуковых і адукацыйных арганізацый розных краін. Экспертная камісія вызначыла прызёраў у 21 намінацыі.

На міжнародным конкурсе Акадэмію МУС Беларусі прадставілі аўтары навуковых прац у розных сферах праваахоўнай дзейнасці. Так, у намінацыі «Судовая і праваахоўная дзейнасць» лепшым прызнаны намеснік начальніка навучальнай установы па навуковай рабоце кандыдат юрыдычных навук, дацэнт палкоўнік міліцыі Валерый Радзевіч - аўтар манаграфіі «Метадалагічныя асновы, тэарэтыка-прававыя і этычныя праблемы інстытута суб'ектаў і ўдзельнікаў аператыўна-вышуковай дзейнасці».

Загадчык кафедры крымінальнага права і крыміналогіі доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Беларусі Анатоль Савянок адзначаны як аўтар лепшай працы ў намінацыі, прысвечанай агульнай частцы крымінальнага права. Тэма манаграфіі – «Тэорыя эфектыўнасці крымінальнага закона».

Першае месца ў намінацыі «Судова-экспертная дзейнасць» заняла манаграфія «Крыміналістычнае даследаванне патронаў (боепрыпасаў) да ручной стралковай агнястрэльнай зброі» прадстаўніка Магілёўскага інстытута МУС кандыдата юрыдычных навук Ягора Лапо ў суаўтарстве з прафесарам нашай акадэміі доктарам юрыдычных навук, прафесарам Аляксандрам Рубісам.


ГІГС Акадэміі МУС

 

Навiны