Служба ў міліцэйскіх пагонах: пра выбар - у аўтарскім праекце

Як сучасныя рэаліі мяняюць падыход у адукацыі? Чаму моладзь імкнецца паступіць у міліцэйскую альма-матэр? Размова па душах.

Журналіст Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё, аўтар праграмы «Служу Айчыне!» Вольга Шалёва сустрэлася з намеснікам начальніка Акадэміі МУС палкоўнікам міліцыі Валерыем Жванскiм, які падзяліўся сакрэтам падрыхтоўкі маладых праваахоўнікаў: ад першых заняткаў на навучальным зборы да атрымання дыплома.

У навабранцаў журналіст пацікавілася, чаму яны выбралі службу ў міліцэйскіх пагонах і наколькі складана даюцца першыя крокі ў гэтую прафесію. У кожнага курсанта свая гісторыя.

Ад захаплення валейболам да прафесійных спартовых дасягненняў! Для кагосцi курсанцкія будні ўжо сталі не толькі вучобай.

У Акадэміі МУС нечакана сустрэліся ўдзельнікі першага кадэцкага парада 2018 года да Дня незалежнасці. Яны ішлі плячо ў плячо, а цяпер разам - на страявой падрыхтоўцы. Да гэтых заняткаў у іх асаблівае стаўленне.

Музыкант, выдатнік вучобы марыць не пра эстрадныя выступленні. Яго мэта - змагацца са злачыннасцю.

Прыгажуні дзяўчыны ў курсанцкай форме выклікаюць павагу. Яны ўпэўненыя, што ў іх будучай прафесіі разам з моцнымі ведамі неабходна мець моцны характар ​​і выдатную фізічную падрыхтоўку.

У эфіры праграмы «Служу Айчыне!» спартсменка-чэмпіёнка Арына Корбан i будучы эксперт-крыміналіст Наталля Хамёнак, кадэт-лiцэiст з мiлiцэйскай сям'і Яўген Фалькоўскі, а таксама прадстаўнікi спецыялізацыі «Аператыўна-вышуковая дзейнасць» Раман Мiжуй i Яўген Панасевіч. Чарговы выпуск - ў нядзелю 25 жніўня на хвалях 106,2 па Мiнску, онлайн-вяшчанне на сайце Першага канала радыё.


ГIГС Акадэмii МУС

Навiны