Навабранцам - пачатковыя прафесійныя веды

Вучэбны збор першакурснікаў - гэта амаль месяц тэарэтычных і практычных заняткаў, якія знаёмяць навабранцаў з абранай прафесіяй.

Першая лекцыя ў гэтым годзе для курсантаў Акадэміі МУС адбылася сёння, 5 жніўня. Навабранцам падрабязна распавялі пра сістэму вышэйшай адукацыі ў нашай краіне і пра асаблівасцi навучання ў міліцэйскай альма-матэр. Вучэбная дысцыпліна «Пачатковая прафесійная падрыхтоўка» ўключае шырокі спектр тэм, якія на працягу месяца падрабязна разгледзяць педагогі розных кафедраў.

Гэты перыяд курсанты называюць «КМБ», «курсам маладога байца». Хлопцы пражываюць і вучацца ў сценах міліцэйскай УВА. Навабранцы пройдуць сур'ёзную праверку на трываласць. Будуць вывучаць страявыя прыёмы і агнявую падрыхтоўку. Асаблівую ўвагу традыцыйна нададуць фізічнай падрыхтоўцы. Вынікі сваіх трэніровак моладзь абавязкова прадэманструе на спартыўных спаборніцтвах, якія рэгулярна праводзяцца ў акадэміі.

Рабіць першыя крокі ў прафесію новаму папаўненню дапамагаюць ўчорашнія першакурснікі, якія яшчэ не паспелі забыць пра цяжкасці на старце навучання. Малодшыя камандзіры напярэдадні прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і цяпер пачалі выкананне сваіх абавязкаў.

Першым урачыстым маршам навабранцы пройдуць 30 жніўня. У гэты дзень на плошчы Дзяржаўнага сцяга адбудзецца рытуал прынясення Прысягі - адно з найважнейшых падзей на прафесійным шляху праваахоўнікаў. Галоўныя словы з вуснаў маладых супрацоўнiкаў прагучаць у прысутнасці кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і акадэміі, а таксама родных і блізкіх курсантаў.


ГIГС Акадэмii МУС

Навiны