Начальнік акадэміі сустрэўся з першакурснікамі

Начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Сяргей Дарошка наведаў следча-экспертны факультэт, у сценах якога праходзіць вучэбны збор першакурснікаў.

Падчас сустрэчы з навабранцамі кіраўнік УВА распавёў аб пачатковым этапе падрыхтоўкі, асаблівасцях навучання ў акадэміі, прыгадаў свае першыя крокі на службовым шляху - з якімі цяжкасцямі сутыкаецца новае папаўненне, генерал ведае не па чутках. Сяргей Дарошка прапанаваў задаваць яму пытанні, што хвалююць i цікавяць у гэты час, падбадзёрыў моладзь, пажадаў поспехаў, цярпення і сур'ёзнага стаўлення да мерапрыемстваў навучальнага збору. За гэты месяц курсанты падымуць узровень фізічнай падрыхтоўкі, атрымаюць пачатковыя прафесійныя веды, лепей даведаюцца пра выбраную прафесію.

Начальнік акадэміі пацікавіўся ўмовамі навучання і пражывання першакурснікаў, наведаў сталовую, спальныя памяшканні і пакоі вольнага часу. Разам з кіраўніцтвам навучальнага збору абмеркаваў праблемы і шляхі іх вырашэння, азначыў вектар далейшай працы калектыву ў гэты, безумоўна, важны для будучых афіцэраў перыяд.

Нагадаем, у Акадэміі МУС 5 жніўня пачаліся першыя навучальныя заняткі навабранцаў, якія паступілі на факультэты міліцыі, следча-экспертны і крымінальна-выканаўчы. Яшчэ ўчора абітурыенты, а цяпер яны жывуць па распарадку дня і знаёмяцца з міліцэйскай альма-матэр. Вучэбны збор завершыцца ўрачыстым рытуалам прынясення Прысягі 30 жніўня.


ГIГС Акадэмii МУС

Навiны