Чацвёртая перамога ў алімпіядзе «Патрыёт» - у кадэтаў Віцебшчыны

Чацвёрты год запар непераможнымі лідарамі рэспубліканскай кадэцкай алімпіяды «Патрыёт» застаецца каманда Віцебскага кадэцкага вучылішча.

Акадэмія МУС прымала інтэлектуальна-творчы форум сярод кадэтаў. Штогод міліцэйская ВНУ арганізуе алімпіяду сумесна з Беларускім саюзам сувораўцаў і кадэт. Сёлетняя - ужо чацвёртая. Традыцыйна выступаюць каманды адукацыйных устаноў, выхаванцы якіх носяць пагоны. За перамогу гэтым разам змагаліся дзевяць творчых згуртаваных каманд. Першы конкурс пазнаёміў з кожнай з іх.

«Прадстаўленне каманд» ва ўсіх аказалася яркім і запамінальным - з танцамі, песнямі і відэаролікамі. Многія ўдзельнікі не толькі распавялі пра сваю адукацыйную ўстанову, але і паказалі прыгажосць малой радзімы і раскрылі асноўную тэму алімпіяды - 25-годдзе прыняцця Канстытуцыі Беларусі. Здзівіць журы талентам атрымалася!

Дарэчы, ацэньвалі ўдзельнікаў 11 экспертаў. З боку галоўных арганізатараў мерапрыемства - намеснік начальніка Акадэміі МУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Аляксандр Брысюк, кіраўнік групы прафарыентацыйнай працы ВНУ Валерый Страмбурскі і прадстаўнікі Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў: старшыня Рэспубліканскага савета аб’яднання Сяргей Жыціхін і тры яго намеснікі Аляксей Кашпур, Леанід Багдасараў і Віктар Руды, а таксама член савета Уладзімір Паддубскі. Кожны - эксперт у той ці іншай вобласці, таму і выступленні рабят члены журы ацэньвалі не толькі з творчага пункту гледжання. Напрыклад, Аляксей Эдуардавіч - кандыдат тэхнічных навук, дацэнт кафедры эксплуатацыі ракетна-артылерыйскага ўзбраення Ваеннай акадэміі. А Леанід Міхайлавіч прайшоў афганскую вайну.

Нагадаем, сёлета Беларусь сустракае 30-годдзе з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Пра гэта, дарэчы, расказваў ганаровы госць акадэміі, ветэран афганскай вайны генерал-палкоўнік у адстаўцы Пётр Чавус. Чалавек-легенда! Тым больш у вачах навучэнцаў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, першы выпуск якога стаў адпраўным пунктам на прафесійным шляху будучага генерала. У 1991 годзе Пётр Рыгоравіч узначаліў Міністэрства па справах абароны Беларусі, у 1992-м заняў пасаду намесніка міністра абароны краіны. У цяперашні час - старшыня Міжнароднай асацыяцыі "Кадэцкае братэрства". Кадэты і курсанты не адыходзілі ад ветэрана, акружалі яго ў перапынках паміж конкурсамі, разам фатаграфаваліся і доўга размаўлялі.

  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6

Але вернемся да нашага журы. Яго склад сфармаваны так, каб ахапіць розныя сілавыя ведамствы. Так, у судзейскі корпус увайшлі намеснік начальніка Інстытута пагранічнай службы па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні палкоўнік Максім Літвінскі і загадчык кафедры гуманітарных навук Універсітэта грамадзянскай абароны МНС кандыдат гістарычных навук, дацэнт падпалкоўнік унутранай службы Аляксей Багдановіч. Ваенную акадэмію прадставіў падпалкоўнік Сяргей Кірпічоў з упраўлення якасцю адукацыі і давузаўскай падрыхтоўкі вучэбна-метадычнага аддзела. Галоўным суддзёй у галіне творчасці стаў артыст драмы заслужанага калектыву Беларусі драматычнага тэатра беларускай арміі Аляксандр Абрамовіч.

Сваю працу журы пачало з прысуджэння самых высокіх балаў адразу тром камандам: «Шчыт Айчыны» (Віцебскае кадэцкае вучылішча), «Палкаводцы» (Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча) і «Землякі» (Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча), - за непараўнальнае выступленне ў першым конкурсе.

Другое выпрабаванне, размінка капітанаў, прайшло ў фармаце «пытанне-адказ». Удзельнікі па чарзе падымаліся на сцэну, дзе цягнулі квіток з 10 пытаннямі, якія агучвалі вядучыя мерапрыемства - курсанты факультэта міліцыі Мікіта Саха і Ягор Ластоўскі, чый кругагляд відавочна выходзіў за рамкі падрыхтаваных заданняў, а ўменне імправізаваць надавала сур’ёзнаму конкурсу лёгкую ноту. Для перамогі ў гэтым спаборніцтве ад удзельнікаў патрабавалася веданне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, палажэнняў Канстытуцыі Беларусі і, у цэлым, эрудыраванасць. А яшчэ кемлівасць - на роздумы давалася ўсяго 5 секунд. На выдатна справіліся двое - Лізавета Блахіна (Віцебскае кадэцкае вучылішча) і Яўген Царыкаў (Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча), якія дапусцілі ўсяго па адной памылцы.

Наступны этап вызначыў лепшых прамоўцаў. Змест выступленняў задоўга да правядзення алімпіяды вызначылі яе арганізатары, прапанаваўшы хлопцам на выбар адразу некалькі тэм. Ну а ўдзельнікі не проста падрыхтавалі і вывучылі троххвілінныя прамовы, а прыклалі максімум намаганняў да афармлення свайго выступу, падабраўшы адпаведныя касцюмы і розны рэквізіт. Больш за ўсё балаў у скарбонку каманды дадаў віцебскі кадэт Арына Паваротная, якая раскрыла тэму «Сапраўды вялікія тыя, чыё сэрца б’ецца для ўсіх». Яшчэ тры ўдзельнікі апынуліся ў лідарах: суворавец Максім Вяроўка («Афіцэры - рыцары краіны») і прадстаўнікі Гродзенскага і Магілёўскага абласных кадэцкіх вучылішчаў - Ксенія Пякарская («Патрыятызм - увасабленне любові да сваёй Радзімы») і Дзяніс Нікіфараў («Радзіму абараняць - найважнейшы канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна»).

Пакуль капітаны і прамоўцы трымалі абарону, іншыя ўдзельнікі - па адным ад каманды - праходзілі пісьмовае тэсціраванне. Пытанні тычыліся гісторыі Беларусі і Асноўнага закона краіны. Па выніках конкурсу самым эрудзіраваным аказаўся мінскі суворавец Міхаіл Бельмач.

Чатыры пройдзеныя этапы вызначылі трох фаварытаў алімпіяды - віцебскіх кадэтаў, мінскіх сувораўцаў і «Землякоў». Адзін ад аднаго яны адставалі ўсяго на паўтара бала. Але расслабляцца рана - наперадзе рабят чакалі яшчэ два важныя выпрабаванні.

Удзельнікаў чарговага спаборніцтва выбіралі капітаны каманд, выцягваючы жрэбій. Ніхто загадзя не ведаў, каму прыйдзецца праходзіць апытанне па змесце кінафільмаў краін СНД на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Вядомыя былі толькі назвы карцін. Таму за некалькі дзён да алімпіяды каманды ў поўным складзе дружна праглядалі і пераглядалі ўсе фільмы са спісу.

Да гэтага конкурсу ў арганізатараў асаблівае стаўленне. На думку Валерыя Страмбурскага, маладому пакаленню неабходна ведаць шэдэўры кінематографа, прысвечаныя такой значнай тэме. Бо гэта сапраўдная гісторыя праз прызму мастацтва. На экране прадстаўлены чалавечыя лёсы і гераізм.

У конкурсе ўпэўнена перамаглі віцебскі кадэт Мікіта Чарневіч і Уладзіслаў Мохань з каманды «На варце парадку» Спецліцэя МУС. Дарэчы, заробленыя ў гэтым выпрабаванні балы дазволілі ведамаснаму ліцэю прэтэндаваць на прызавое месца ў алімпіядзе.

Вырашальнымі сталі выступленні каманд у «Хатнім заданні» з інсцэніроўкай аднаго з прапанаваных загадзя твораў літаратуры. Самыя высокія ацэнкі журы атрымалі «Палкаводцы», ярка і вобразна перадалі на сцэне сюжэт верша «Маё пакаленне» Сямёна Гудзенкі. Галоўнай узнагародай за гульню сталі не толькі апладысменты глядацкай залы, але і выніковае другое месца рэспубліканскай алімпіяды.

На наступным радку вынікаў «Хатняга задання» размясцілася каманда «Бастыён» полацкага кадэцкага вучылішча, а яе прадстаўнік Уладзіслаў Рубан адзначаны як лепшы артыст. Хлопцы выступілі з пастаноўкай па матывах аповесці «Дажыць да світання» Васіля Быкава.

З мінімальнай розніцай 0,1 бала трэцяе месца ў спаборніцтве занялі віцебскія кадэты, якія з першых хвілін алімпіяды заявілі пра свой намер стаць чатырохразовымі пераможцамі і дамагліся мэты. Каманда прадставіла на сцэне эпізоды з кнігі «Рускі характар» Аляксея Талстога. Журы ўзнагародзіла дыпломамі за артыстызм адразу двух кадэтаў - Арыну паваротную і Аляксандра Праабражэнскага.

Рывок да прызавых месцаў таксама зрабілі каманды «Землякі» і «На варце парадку». Агульныя ацэнкі за іх «хатняе заданне» адрозніваліся ўсяго на 0,1 бала, але гэтага хапіла, каб ліцэісты занялі прызавое трэцяе месца алімпіяды, а мінскія кадэты - чацвёртае.

Конкурс «Хатняе заданне» як ніякі іншы раскрыў творчыя здольнасці моладзі. Важна і тое, што юным артыстам удалося перадаць сваё разуменне літаратурных твораў. Невыпадкова ў завяршэнні алімпіяды камандам уручаны цэлы набор разнапланавых кніг - падарунак ад прадстаўніка вядомага беларускага выдавецтва «Аверсэв» Дар’і Разько. Ад асобы глядацкай залы яна выказала падзяку ўсім удзельнікам за ўражлівыя выступленні і пажадала рабятам вялікіх поспехаў і важных адкрыццяў.

Агульнае фота ўдзельнікаў алімпіяды «Патрыёт»


Анастасія Воінава, ГIГС Акадэміі МУС.
Фота аўтара

Навiны