Творчы вечар: калі душа поўная вершаў і музыкі

Сёння ў галоўным корпусе Акадэміі МУС адбыўся творчы вечар ветэрана органаў унутраных спраў падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Канстанціна Цыбульскага.

Паэт-песеннік, аўтар і выканаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Канстанцін Цыбульскі вядомы многім. Нарадзіўся будучы маэстра на Міншчыне ў невялікай вёсачцы Забалоцце Маладзечанскага раёна. Таму тэма малой радзімы асабліва блізкая аўтару. Любоў да слова праявілася ў падпалкоўніка міліцыі даўно. Захапленне спортам, служба ў міліцыі, творчасць - Канстанцін Пятровіч паспяваў сумяшчаць усё. І ўсюды дамагаўся поспехаў. Неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў і Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю «Закон і грамадства», аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі... З 1997 года ў суаўтарстве са знакамітымі беларускімі кампазітарамі ён стварыў мноства твораў, якія выконваюць артысты беларускай эстрады. Песні на вершы нашага госця гучаць у Беларусі, Казахстане, Польшчы, Прыбалтыцы, Расіі.

Музычныя творы прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, службе ў міліцыі, матчынай пяшчоце, любові, марам, свету, роднай старане. Дарэчы, першая песня Канстанціна Цыбульскага, якую ён напісаў з народным артыстам Беларусі кампазітарам Валерыем Івановым, была прысвечана бацькоўскаму дому. Амаль дваццаць гадоў таму яе выканалі Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры». Сёння песня «Бацькаўскі зруб» - візітная картка паэта.

Ды і назвы песень гавораць за сябе: «Вартавыя дарог», «Сябрам», «Сэрца вёскі маей», «Будзе свята», «Залаты млын», «Планета любові», «Добрым людзям» і іншыя. Сёння музычная спадчына Канстанціна Пятровіча даўно перасягнула за сотню песень.

Творчы вечар ветэрана органаў унутраных спраў падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Канстанціна Цыбульскага

Творчы вечар, арганізаваны Цэнтрам культурна-выхаваўчай работы ВНУ, наш госць пачаў з чытання свайго верша «Веліч душы», пасля чаго са сцэны акадэміі прагучаў «Гімн ветэранам» у выкананні аўтара. Музычнае суправаджэнне забяспечваў Заслужаны калектыў Беларусі ўзорна-паказальны аркестр унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў пад кіраўніцтвам дырыжора-начальніка ваенна-аркестравай службы ўнутраных войскаў МУС падпалкоўніка Сяргея Саладухіна. З гэтым калектывам Канстанціна Пятровіча звязваюць асаблівыя, творчыя сувязі.

У гэты вечар з Канстанцінам Цыбульскім на сцэне выступала ўдзельніца праекта радыё «Гармонь FM» (Расія) Анастасія Васіленка і салісты заслужанага калектыву Беларусі ансамбля песні і танца ўнутраных войскаў МУС пад кіраўніцтвам маёра Антона Маркелава.

Пранікнёныя вершы, музыка, таленавітае выкананне, душэўнасць і харызма аўтара зрабілі сустрэчу асаблівай. А фінальную песню «Шчыт і меч маёй дзяржавы» на галоўнай сцэне ВНУ выканалі не толькі ўсе ўдзельнікі канцэрта, але і курсанты Акадэміі.

Дарэчы, гэтая песня была напісана да векавога юбілею беларускай міліцыі. Словы паэта Канстанціна Цыбульскага і музыка народнага артыста Леаніда Захлеўнага адразу знайшлі свайго слухача – песня палюбілася многім. На абвешчаным да знакавай даты беларускіх праваахоўнікаў творчым конкурсе песня »Шчыт і меч маёй дзяржавы» атрымала першую прэмію.

Канцэртная праграма завяршылася гучнымі апладысментамі і ўручэннем маэстра і ўсім удзельнікам вечара кветак і памятных падарункаў ад кіраўніцтва Акадэміі МУС.


Анжаліка Выджак-Таргоня, ГІГС Акадэміі МУС.
Фота Анастасіі Воінавай, ГІГС Акадэміі МУС

Навiны