Навукоўцу Акадэміі МУС прызначана стыпендыя Прэзідэнта Беларусі

На высокім дзяржаўным узроўні адзначаны намеснік начальніка кафедры расследавання злачынстваў падпалкоўнік міліцыі Раман Скачок.

Зацверджаны спіс таленавітых маладых навукоўцаў, якім назначаны стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2018 год. Так, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Раман Скачок адзначаны за распрацоўку крыміналістычных сродкаў і метадаў процідзеяння парушэнням правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, а таксама за развіццё канцэпцыі падрыхтоўкі кадраў для Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Раман Уладзіміравіч з'яўляецца аўтарам і сааўтарам навучальных дапаможнікаў у сферы арганізацыі расследавання злачынстваў. У выкладанні вучэбных дысцыплін асаблівую ўвагу надае фарміраванню ў курсантаў ведаў, уменняў і навыкаў следчага, павышэнню іх цікавасці да абранай прафесіі.

Вынікі даследаванняў маладога вучонага апублікаваныя ў беларускіх і замежных навуковых выданнях. За апошнія тры гады пабачылі свет 30 прац, у тым ліку навучальны дапаможнік, 8 навуковых артыкулаў, 13 тэзісаў дакладаў міжнародных канферэнцый. Практычная значнасць даследаванняў пацверджана двума актамі аб выкарыстанні ў дзейнасці Следчага камітэта і Міністэрства ўнутраных спраў, двума актамі аб укараненні ў вучэбны працэс устаноў адукацыі Беларусі і Расіі.


ГІГС Акадэміі МУС

Навiны