Прафесійна-арыентацыйная работа Акадэмii МУС Рэспублiкi Беларусь з навучэнцамi ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

Прафесійна-арыентацыйная работа Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь

Акадэмія МУС з 2002 года праводзіць актыўную прафесійна-арыентацыйную работу з кадэтамi i навучэнцамi школ, ліцэяў, гімназій, у якіх дзейнiчаюць прававыя класы і групы. Галоўная задача такой работы – выявіць сярод моладзі кандыдатаў для паступлення на вучобу ў Акадэмію МУС, iншыя установы вышэйшай адукацыі юрыдычнага профілю, а таксама для службы ў органах унутраных спраў. Рэалізуецца не менш важная задача – прафілактыка і папярэджанне правапарушэнняў сярод моладзi.

Акадэмія МУС на аснове дагавораў аб супрацоўніцтве ўзаемадзейнічае з 68 установамi агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку Брэсцкім абласным, Віцебскім, Гомельскім, Мінскім абласным, Магілёўскім абласным, Полацкім кадэцкiмi вучылішчамі, Спецыялізаваным ліцэем МУС. У навучальных установах дзейнічаюць 227 прававых класаў і 25 прававых груп, у якіх больш за 5,5 тысяч навучэнцаў.

Сумесна з Акадэміяй МУС прафарыентацыйную работу са школьнікамі арганізуюць педагагічныя калектывы, тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў і ўпраўлення адукацыі. Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца выхаванню ў дзяцей патрыятызму, прававой культуры, фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі, укараненню здаровага ладу жыцця, развіццю і ўмацаванню сувязяў моладзі з праваахоўнымі органамі.

У Акадэміі МУС створана эфектыўная сістэма прафарыентацыйнай работы з моладдзю. Значная роля ў ёй адведзена арганізацыі і правядзення візітаў і экскурсій у міліцэйскую УВА для прававых класаў. Госцi знаёмяцца з умовамі навучання і пражывання курсантаў, удзельнічаюць у творчых конкурсах і прававых алімпіядах, ўрачыстых рытуалах прынясення Прысягі, выпуску афіцэраў і г. д. Праграма экскурсій уключае наведванне цэнтральнага музея МУС, музея гісторыі ўнутраных войскаў.

Важнай часткай прафарыентацыйнай работы стала адпаведная дзейнасць курсантаў. Курсанты-шэфы рэгулярна выязджаюць у замацаваныя ўстановы адукацыі, праводзяць з вучнямі прававых класаў тэматычныя гутаркі аб Акадэміі МУС і сваіх факультэтах, дзеляцца ўласным вопытам падрыхтоўкі да ўступных выпрабаванняў (ЦТ), праходжання ваенна-ўрачэбнай камісіі, адказваюць на шматлікія пытанні. Акрамя гэтага будучыя афіцэры выступаюць на прававыя тэмы, удзельнічаюць у школьных урачыстых мерапрыемствах.

Акадэмія МУС штогод запрашае каманды кадэцкiх i прававых класаў да ўдзелу ў рэспубліканскiм творчым конкурсе сачыненняў «Мы выбіраем шлях», рэспубліканскай прававой алімпіядзе «Феміда», рэспубліканскай кадэцкай інтэлектуальна-творчай алімпіядзе «Патрыёт».

Разам з тым рэалізавана і такая форма прафарыентацыйнай работы, як наведванне устаноў адукацыі непасрэдна кiраўнiцтвам Акадэміі МУС, а таксама прадстаўнiкамi прыёмнай камiсii. На сустрэчах праводзяцца змястоўныя гутаркі з вучнямі прававых класаў і кадэтамі пра міліцэйскую альма-матэр, яе гісторыю, падрыхтоўку абітурыентаў да паступлення, асаблівасцi афармлення неабходных дакументаў, праходжанне ВВК, спецыфіку і перспектывы наступнай службы выпускнікоў у практычных падраздзяленнях органаў унутраных спраў і іншых сілавых структурах, паняццi афіцэрскага абавязку і гонару. Абітурыенты вырашаюць, ці гатовыя паступаць у акадэмiю і прысвяціць жыццё прафесіі супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Аб грамадскай значнасці прафарыентацыйнай работы свдчыць такі факт: ні адзін навучэнец прававых класаў не ўчыніў супрацьпраўных дзеянняў – наадварот, большасць паказваюць сябе з найлепшага боку ў вучобе, спорце, дысцыпліне, грамадска-культурнай сферы. Не ўсе выпускнікі прававых класаў стануць курсантамі Акадэміі МУС або студэнтамі іншых устаноў адукацыі юрыдычнага профілю, не ўсё надзенуць пагоны – кожны малады чалавек мае права самастойна вызначаць свой жыццёвы шлях. Аднак падрыхтоўка і фарміраванне са школьных гадоў адукаваных, законапаслухмяных, фізічна і маральна развітых маладых людзей, патрыётаў з'яўляецца актуальнай і неабходнай для краіны справай. Акадэмія МУС развівае і ўдасканальвае прафарыентацыйную работу з моладдзю і запрашае да супрацоўніцтва ўсе зацікаўленыя установы агульнай сярэдняй адукацыі.

Публікацыі пра прафарыентацыйную работу на інтэрнэт-сайце Акадэміі МУС