История органов внутренних дел

электронный учебно-методический комплекс

 

Талмачова С.А. Роля сялянскага самакіравання ў забеспячэнні грамадскага правапарадку ў беларускай вёсцы (1861-1914 гг.)

 

Талмачова, С.А. Роля сялянскага самакіравання ў забеспя­чэн­ні грамадскага правапарадку ў беларускай вёсцы (1861–1914 гг.) / С.А. Талмачова // Милиции Беларуси 90 лет: история и современность:  материалы науч.-практ. конф. (Минск, 27 февр. 2007 г.) / [редкол.: К.И. Барвинок (отв. ред.) и др.]. – Мн.:  Академия МВД Республики Беларусь, 2007. - С. 135-140.

 

Рэформа 1861 г. усклала абавязкі па забеспячэнні грамадскага правапарадку на органы сялянскага самакіравання. Паліцэйская функцыя – самая афіцыйная з усіх функцый абшчыны – была аднолькава неабходна сялянам, дзяржаве і памешчыкам, таму што ўсе тры бакі адчувалі патрэбу ў падтрымцы грамадскага парадку на тэрыторыі абшчыны. У сярэдзіне ХІХ ст. у гэту функцыю ўваходзілі: падтрымка грамадскага парадку; кантроль за выхадам з абшчыны і прыпіскай да яе, за часовымі міграцыямі; выкараненне антыграмадскіх паводзін; пакаранне з санкцыі сходу сялян за дробныя злачынствы, правіннасці, спагнанне нядоімак ды інш.; прыняцце мер пры пажарах, навадненнях і іншых надзвычайных выпадках; затрыманне валацуг і дэзертыраў, назіранне за выкананнем пашпартнага рэжыму; выгнанне з абшчыны за дрэнныя і распусныя паводзіны зладзеяў, асоб, якія падазраваліся ў варажбе, спакуснікаў і г. д. (у гэтым выпадку сход звяртаўся да ўлад з адпаведным хадайніцтвам, якое часцей задавальнялася) [1, с. 438].

З 1861 г. паліцэйская функцыя абшчыны ўзмацнілася ў сувязі з тым, што, па-першае, царская адміністрацыя ўсклала на абшчыну тыя абавязкі, якія раней выконвалі памешчыкі, удзельная і царская адміністрацыя; па-другое, у многіх сялян узніклі цяжкасці з уплатай у тэрмін разнастайных плацяжоў, і абшчыне прыходзілася ўжываць самыя разнастайныя меры – ад угавораў да арышту і нават продажу маёмасці; па-трэцяе, мабільнасць сялян узрасла і патрабавала ўзмац­нен­ня кантролю за імі, зноў-такі у мэтах своечасовага спагнання плацяжоў [1, с. 471].

У параўнанні з агульнарасійскімі, у беларускіх губернях на воласць ускладалася значна больш абавязкаў паліцыі, што было звязана галоў­ным чынам з палітычнымі абставінамі ў краі. Так, для ўтрымання сялян ад удзелу ў паўстаннi 1863–1864 гг. і пераўтварэння іх у сілу, якая магла б спрыяць падаўленню мецяжу, з 24 красавіка 1863 г. з сялян Паўночна-Заходняга краю пры ваенна-паліцэйскіх станавых упраў­лен­нях у кожным павеце ствараліся сельскія ўзброеныя каравулы (па 60–100 чалавек) [2]. На іх утрыманне адпускаўся хлеб з сельскіх запасных магазінаў, што належалі грамадам сялян [3; 4, с. 164–167]. Пры станавых кватэрах утвараліся часовыя ваенна-паліцэйскія ўпраў­лен­ні. Дзейнасць азначаных фарміраванняў была даволі прадуктыўнай. Яны ўдзельнічалі ў выкрыцці і разгроме многіх атрадаў паўстанцаў, некаторыя сяляне былі ўзнагароджаны медалямі, грашыма, падзякамі ды іншымі адзнакамі [5].

Акрамя таго, сяляне кожнай сельскай грамады неслі службу ў абы­вацельскіх каравулах каля сваіх паселішчаў без адлучэння ад месца жыхарства [4, с. 103] і павінны былі «абшукваць і апытваць усіх, хто праязджаў ці праходзіў, патрабаваць білеты і падазроных асоб падвяргаць арышту і не дапушчаць укрывальніцтва валацуг і мяцежнікаў» [6]. Сяляне імкнуліся пазбегнуць адбыцця паліцэйскай службы ў так званых «сельскіх няўзброеных каравулах», і таму часта «на рагатках не было зусім каравульных ці стаялі малыя дзеці» [7].

У перыяд хваляванняў у валасцях пад асабістай адказнасцю старшынь, службовых асоб і пісараў вяліся абывацельскія кнігі са спісамі ўсіх асоб, што пастаянна ці часова жылі на казённых ці прыватнаў­лас­ніцкіх землях у межах ведамства сельскага ці валаснога праўлення з адзнакаю іх заняткаў і благанадзейнасці, а таксама складаліся спісы тых, хто спачуваў паўстанню. На сялян ускладаўся абавязак строгага назірання за навакольнымі жыхарамі – шляхтай, аднадворцамі і паме­шчы­камі «польскага» паходжання, каб тыя не аднавілі дзеянняў супраць ураду [4, с. 141–142; 8; 9; 10; 11].

Пасля падаўлення паўстання беларускія губерні да пачатку ХХ ст. знаходзіліся на асобым становішчы, і паліцэйская функцыя абшчыны заставалася адной з важных. Адказнасць за выкананне воласцю і сельскай грамадой паліцэйскіх абавязкаў неслі валасныя старшыні і сель­скія старасты.

Стараста быў абавязаны выконваць усе загады валаснога старшыні па паліцэйскіх справах і, акрамя таго, у межах сваёй грамады павінен быў прымаць неабходныя меры для аховы парадку і бяспекі асоб і маёмасці, папярэджваць патравы хлеба, пакосы, лясныя пажары і парубкі ў лясах; затрымліваць валацуг і ваенных дэзертыраў і перадаваць іх паліцыі; у выпадках злачынстваў рабіць папярэдняе дазнанне, затрымліваць вінаватых і ахоўваць сляды злачынства да прыбыцця паліцыі ды інш. [12].

Валасны ж старшыня адказваў за ахову агульнага парадку і спакою ў воласці. Па паліцэйскіх справах ён быў абавязаны абвяшчаць законы і распараджэнні ўрада і назіраць за нераспаўсюджаннем паміж сяля­намі «шкодных для грамадскага спакою чутак»; ахоўваць парадак і бяспеку асоб і маёмасці ад злачынных дзеянняў; затрымліваць валацуг, беглых і ваенных дэзертыраў і прадстаўляць іх паліцэйскаму начальству; паведамляць паліцыі аб тых сялянах, якія самавольна адлучыліся з воласці; назіраць за выкананнем правілаў аб прыпісцы, звальненні, пералічэнні сялян з адной грамады ў другую і паведамляць аб гэтым паліцыі; паведамляць паліцыі аб надзвычайных выпадках у воласці; папярэджваць і прыпыняць злачынствы і праступкі; прымаць паліцэй­скія меры для выкрыцця і затрымання вінаватых і перадаваць іх начальству; назіраць за выкананнем прыгавораў міравых устаноў і валаснога суда. За нязначныя праступкі валасны старшыня і сельскі стараста маглі падвяргаць падведамых ім асоб прызначэнню на грамадскія работы да двух дзён ці грашоваму спагнанню да аднаго рубля на карысць мірскіх сум ці арышту не больш як на два дні. Скаргі на валасных старшынь і сельскіх старастаў можна было прыносіць міравому пасрэдніку на працягу сямі дзён. Такім чынам, паліцэйскія абавязкі валасных старшынь і сельскіх старастаў былі вельмі разнастайныя і складаныя. Калі гэтыя службовыя асобы не выконвалі сваіх абавязкаў, іх маглі нават прыцягнуць да адказнасці па судзе.

Важным абавязкам, на які выдаткоўваліся значныя сумы з мірскіх капіталаў, з’яўлялася ахова дамоў валасных праўленняў, дзе часта захоўваліся значныя грашовыя сродкі, сельскіх хлебных запасных мага­зінаў, дзе знаходзілася зерне на выпадак неўраджаю, а таксама будынкаў народных вучылішчаў, бальніц, цэркваў і г. д.

Сяляне абавязаны былі пастаўляць падводы для перамяшчэння войск і адпраўлення навабранцаў, для раз’ездаў па справах службы чыноўнікам, чынам паліцыі, жандармерыі, перавозкі арыштантаў, перасылкі пошты для ўсяго сельскага насельніцтва, а таксама загадаў паліцыі, павестак міравых суддзяў і судовых следчых, да каго б яны ні адносіліся. З 60-х па 90-я гг. ХІХ ст. колькасць фурманак, пастаўленых сялянамі Мінскай і Віленскай губерняў, павялічылася ў сярэднім са 168,6 тысяч да 242,2 тысяч [3, с. 72].

Воласці абавязаны былі прадастаўляць бясплатныя фурманкі ў станавую кватэру для раз’ездаў паліцыі, што значна павялічвала мірс­кія расходы. У 1870 г. для дзесяцкіх і соцкіх сялянамі было пастаўлена больш за 20 тысяч фурманак, затраты на што склалі болей за 8 тысяч рублёў [14]. У 1905 г. сяляне выдаткавалі на фурманачную павін­насць 314,4 тысячы рублёў (у сярэднім на воласць па 534,7 рублёў) [15, с. 290, 306].

У 1870 г. ХІХ ст. у пяці заходніх губернях службай соцкіх было занята больш за 2,7 тысяч чалавек, дзесяцкіх – 14,5 тысяч чалавек [16; 17], а ў канцы 80-х гг. соцкіх было 4,5 тысяч чалавек, дзесяцкіх – 31,8 тысяч [18]. У 1870 г. каля 38,8 % усіх соцкіх атрымоўвалі жалаванне, у сярэднім па пяці беларускіх губернях па 14,6 рублёў штогод. Ад нясення натуральных павіннасцей былі вызвалены 92,9 % соцкіх, але, нягледзячы на жалаванне і вызваленне ад натуральных павіннас­цей, з-за выканання сваіх абавязкаў яны страчвалі заробкі на суму 27,4 тысяч рублёў, ці ў сярэднім па 14,4 рублёў кожны. Адначасова толькі 13,4 % дзесяцкіх атрымоўвалі ад аднаабшчыннікаў жалаванне, памеры якога ў сярэднім складалі 9,3 рублёў. Ад натуральных павіннасцей былі вызвалены 94,4 % дзесяцкіх. Страты заробкаў у гэтых службовых асоб складалі ў сярэднім па 13,6 рублёў на чалавека [16; 17]. Такім чынам, пасада і соцкага, і дзесяцкага абцяжарвала сялян.

Пры выбары соцкіх і дзесяцкіх вяскоўцы часта кіраваліся разлікамі чарговасці, бо выкананне абавязкаў на гэтых пасадах негатыўна адбівалася на матэрыяльным стане іх гаспадарак. Дзесяцкія і соцкія абавязаны былі з’яўляцца на тыдзень ў станавую кватэру для адбыцця паліцэйскай службы, часам за 100 вёрст ад месца жыхарства, таму некаторыя сяляне вымушаны былі на час выканання гэтых абавязкаў наймаць іншых людзей для дагляду за сваімі гаспадаркамі [19, с. 669]. Дзесяцкія сярод аднавяскоўцаў не мелі ні ўлады, ні пашаны, ні значэння, а для правільнага выканання службовых абавязкаў ніжэйшага паліцэйскага чыну сяляне былі зусім не падрыхтаваныя [20]. Акрамя таго, некаторыя паветы воласці абавязаны былі даваць у распараджэнне паліцыі каравулы сялян для суправаджэння асоб, арыштаваных паліцыяй. У тых выпадках, калі арыштаваныя збягалі з-за непрафісій­най аховы, сялян судзілі ў акруговых судах як службовых асоб [19, с. 679; 21].

У 1905 г. выдаткі сялян на соцкіх у беларускіх губернях склалі 23,2 тысячы рублёў (па 34,4 рубля на воласць), а на дзесяцкіх – 47,3 тысячы рублёў (па 70,2 рубля на воласць). Усяго ж на жалаванне дзесяцкім і соцкім было выдаткавана 70,4 тысячы рублёў (па 104,7 рубля на воласць) [15, c. 288, 304].

Такім чынам, выкананне паліцэйскіх абавязкаў і выдаткі на гэтыя патрэбы былі вельмі цяжкім і часта зусім непасільным цяжарам для сялян і часта выходзілі за межы іх інтарэсаў [19]. На працягу парэформенных дзесяцігоддзяў з развіццём капіталізму і ростам адыходніцтва для выканання абавязкаў дзесяцкіх і соцкіх усё часцей сяляне наймалі іншых асоб за грошы. Дзейнасць органаў сялянскага самакіравання па забеспячэнні грамадскага правапарадку ўсведамлялася сялянамі як натуральная павіннасць. Імкненне дзяржавы скараціць выдаткі на азначаныя патрэбы пры адначасовым захаванні спакою ў краі адбівалася на дабрабыце сялянства, якое з-за гэтага вымушана было адрывацца ад сваіх гаспадарчых заняткаў.

 

Бібліяграфічныя спасылкі

 

1.             Миронов, Н.Б. Социальная история России периода империи (XVIII – начало ХХ в.) : в 2 т. / Н.Б. Миронов. 2-е изд., испр. СПб. : Изд-во «Дмитрий Буланин», 2000. Т. 1.

2.             Полное собрание законов Российской империи (ПСЗРИ).  2-е собр. СПб., 1863. Т. 38 : 1863. № 39542.

3.             Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). фонд 242. воп. 1. спр. 158. Арк. 6–27.

4.             Сборник распоряжений графа М.Н. Муравьева по усмирению польского мятежа в Северо-Западных губерниях. 1863–1864 / сост. Н. Цылов. Вильна : Тип. Киркора, 1866.

5.             НГАБ. фонд 295. воп. 1. спр. 1627. Арк. 2–3.

6.             Тамсама. фонд. 1525. воп. 1. спр. 1. Арк. 35.

7.             Тамсама. фонд 295. воп. 1. спр. 1627. Арк. 97, зв. 98.

8.             Тамсама. спр. 1503. Арк. 26.

9.             Тамсама. фонд 1510. воп. 1. спр. 1. Арк. 18.

10.          Тамсама. фонд 295. воп. 1. спр. 1627. Арк. 104 зв.

11.          Тамсама. фонд 1525. воп. 1. спр. 1. Арк. 36.

12.          ПСЗРИ. 2-е собр. СПб., 1863. Т. 36 : 1861. № 36657, арт. 60.

13.          Панюціч, В.П. Земскія, грамадскія і іншыя падаткі, павіннасці і плацяжы сялян Беларусі ў 60–90-я гады ХІХ ст. / В.П. Панюціч // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2000. № 3.

14.          Мирские расходы крестьян в 46 губерниях Российской империи за 1881 год / разраб. П. Охочинским // Статистический временник Российской империи. Сер. 3. Вып. 13. СПб., 1886.

15.          Мирские доходы и расходы за 1905 год по 50-ти губерниям Европейской России / сост. стат. отд-нием. СПб. : Электро тип. Н.Я. Стойковой, 1909.

16.          Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА). фонд 1316. воп. 1. спр. 19. Арк. 52–64, 67–87, 213–229.

17.          Тамсама. спр. 20. л. 2–48.

18.          Сведения о числе сотских и десятских в 1888 году // Временник центр. стат. комитета МВД. СПб. : Центр. стат. ком. МВД, 1889. № 9

19.          Свод заключений губернских совещаний по вопросам, относящимся к пересмотру законодательства о крестьянах : в 3 т. СПб. : Тип. М-ва внутрен. дел, 1897. Т. 1.

20.          РДГА. фонд 1317. воп. 1. спр. 60. Арк. 332.

21.          Крестьянское дело в Гродненской губернии : свод заключений по вопросам, рассмотренным Совещанием предводителей дворянства и мировых посредников в 1899 г. Гродно : Губерн. тип., 1900.

НГАБ. Фонд 68. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 57.
© Академия Министерства внутренних дел Республики Беларусь
Электронный учебно-методический комплекс