| ||||||
|
| |||||
Саракавік І.А. Некаторыя аспекты барацьбы міліцыі Беларусі з крымінальнай злачыннасцю ў 60-х гг. ХХ ст.Саракавік, І.А. Некаторыя аспекты барацьбы міліцыі Беларусі з крымінальнай злачыннасцю ў 60-х гг. ХХ ст. / І.А. Саракавік // 95 лет милиции Беларуси : материалы респ. научн.-практ. конф., Минск, 1 марта 2012 г. / М-во внутр. дел Респ. Беларусь, учреждение образования «Акад. М-ва внутр. дел Респ. Беларусь». – Минск : Акад. МВД, 2012. – С. 60-67. Праблема барацьбы міліцыі з крымінальнай злачыннасцю як адной з галоўных яе задач па ажыццяўленню праваахоўнай функцыі дзяржавы мае навуковае і прыкладное значэнне. Яе аналіз дазваляе вызначыць прыроду, прычыны, віды злачыннасці, дынаміку яе развіцця ва ўмовах курсу КПСС на пабудову матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізму, а таксама сістэму кіравання гэтай сферай дзейнасці, формы і метады барацьбы з крымінальнай злачыннасцю - галоўнай функцыі міліцыі, вызначанай грамадствам і дзяржавай. Савецкая гістарыяграфія сканцэнтроўвала ўвагу найперш на відах злачынства, іх рэгістрацыі, раскрывальнасці, прафілактычнай дзейнасці, і на гэтай аснове рабілася заключэнне аб эфектыўнасці дзейнасці таго ці іншага органа міліцыі. Пры гэтым не разглядаліся многія ключавыя праблемы, у прыватнасці, як суадносіліся сутнасць, формы, метады, накірункі міліцэйскай дзейнасці з грамадскім і дзяржаўным ладам, дзеючым палітычным рэжымам; як уплывалі сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, духоўныя перамены ў дзяржаве, перамены ў злачынным свеце на структурна-функцыянальныя змяненні ў самой міліцыі; міліцыя і правы асобы; крытэрыі дзейнасці міліцыі і інш. Навуковы падыход да гэтых праблем дазваляе больш поўна вызначыць выкананне міліцыяй праваахоўнай функцыі дзяржавы, дзеля чаго яна, міліцыя, і была ўтворана. У савецкай гістарыяграфіі існавала палажэнне аб тым, што злачыннасць пры сацыялізме існаваць не можа, паколькі савецкая дзяржава - гэта дзяржава двух дружалюбных, неантаганістычных класаў - рабочых і сялян. Таму існаванне злачыннасці тлумачылася першапачатковымі «радзімымі» плямамі, перажыткамі капіталізму. Адсюль органы ўлады ставілі задачу «ліквідаваць злачыннасць, выкараніць усе прычыны, якія яе параджалі». Гэта задача, якая не адпавядала прыродзе грамадства, а таму была навукова памылковай, на доўгі час (у разглядаемы перыяд у тым ліку) была галоўнай для міліцыі, паколькі органы ўнутраных спраў былі пабудаваны для патрэб адміністрацыйна-каманднай сістэмы з яе жорсткай іерархіяй і падпарадкаванасцю. I гэта адбілася многімі хібамі ў дзейнасці міліцыі, звязанымі з рэгістрацыяй злачынстваў, іх раскрывальнасцю. Некаторыя даследчыкі лічылі, што прычынай, якая параджала правапарушэнні, з'яўлялася ўздзеянне заходніх буржуазных ідэалогій на савецкіх людзей. Яны нібыта імкнуліся стварыць ураджанне, што ў СССР парушаліся правы чалавека [1, с. 14]. Прыводзіўся тэзіс, згодна з якім злачыннасць характэрна толькі капіталістычнай сістэме, таму што, гаворачы словамі К. Маркса, «ёсць штосьці гнілое ў самой сарцавіне такой сацыяльнай сістэмы, якая павялічвае сваё багацце, але пры гэтым не змяншае галечу і ў якой злачыннасць расце нават хутчэй, чым колькасць насельніцтва» [2, с. 515]. У пацвярджэнне прыводзіліся пэўныя даныя. На пачатак 60-х гг. ХХ ст. у параўнанні з пачаткам 50-х гг. у 34 капіталістычных дзяржавах насельніцтва павялічылася на 20 %, а злачыннасць узрасла на 85 %, а ў асобных краінах рост злачыннасці намнога перавысіў рост насельніцтва: у Вялікабрытаніі - у 16,5, у Японіі - у 15,3, Швецыі - у 8,4, у Ггаліі - у 7,3, у Нідэрландах - у 5,9, у ФРГ - у 4,5 раза [3, с. 7]. I рабіўся вывад, што толькі сацыялістычны лад стварае неабходныя ўмовы для няўхільнага змяншэння і ліквідацыі злачыннасці. Але ў пацвярджэнне яго ніякіх даных не прыводзілася. I не маглі іх прывесці, бо тэндэнцыя са злачыннасцю ў СССР, у тым ліку і БССР, была прыкладна такая ж, як і ў капіталістычных краінах. Больш за тое, на пэўную колькасць насельніцтва ў СССР, уключаючы і БССР, у турмах знаходзілася намнога больш зняволеных, чым у развітых капіталістычных краінах. Так, з 1961 па 1970 г. рост насельніцтва БССР склаў 9,3 % [4, с. 17], а абсалютны паказчык крымінальных злачынстваў за гэты час павялічыўся на 40,4 % [5, с. 120]. У той жа час у цэлым па СССР важнай адметнасцю злачыннасці ў 1966-1970 гг. з'яўлялася тое, што тэмпы яе росту, па заключэнню МУС СССР, былі ніжэйшыя за тэмпы росту колькасці насельніцтва. Інакш кажучы, для гэтага часу была характэрна стабілізацыя ўзроўню злачыннасці ў разліку на 100 тыс. насельніцтва [6, с. 193]. Выклікана яна была ў СССР высокімі тэмпамі росту насельніцтва, найперш у рэспубліках Сярэдняй Азіі, чаго не назіралася ў еўрапейскай частцы Савецкага Саюза, у тым ліку і ў БССР. Менавіта тут прыкметнае перавышэнне росту крымінальнай злачыннасці над ростам насельніцтва тлумачыцца шэрагам прычын. Перш за ўсё гэта вынік непрадуманых дзеянняў кіраўніцтва СССР. На ХХI з'ездзе КПСС (студзень - люты 1959 г.) быў узяты курс на пабудову камуністычнага грамадства. У праваахоўнай сферы гэта азначала паступовую перадачу функцый міліцыі грамадскасці. Замест брыгад садзеяння міліцыі, якія дзейнічалі пры органах міліцыі, былі ўтвораны добраахвотныя народныя дружыны (ДНД) [7, с. 379]. А 13 студзеня 1960 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было скасавана МУС СССР, яго функцыі перададзены міністэрствам унутраных спраў саюзных рэспублік. Пастанова Савета Міністраў СССР № 44-16 «Аб мерапрыемствах, звязаных з ліквідацыяй Міністэрства ўнутраных спраў СССР», выдадзеная ў гэты ж дзень, прадугледжвала спрашчэнне структуры, змяншэнне штатаў і ўмацаванне кадрамі ўстаноў унутраных спраў саюзных рэспублік [8, арк. 2, 7]. Аднак такі падыход, без уліку правасвядомасці грамадзян, праблем у развіцці сацыяльна-эканамічнай сферы першай паловы 60-х гг. ХХ ст., і прывёў да адваротных чакаемым вынікаў. Не меншае значэнне мела і тое, што ў параўнанні з шостай пяцігодкай (1955-1960 гг.) тэмпы росту прамысловай вытворчасці і прадукцыйнасці працы ў сёмай пяцігодцы (1961-1965 гг.) знізіліся [9, с. 380], і гэта таксама паўплывала адмоўна на крымінагеннае становішча ў Беларусі. Значыць, палажэнне кіраўніцтва СССР аб здольнасці саміх працоўных мас ахоўваць правапарадак у грамадстве, якое праводзілася ў жыццё і ў Беларусі, прывяло да пэўнага прыніжэння ролі і месца міліцыі ў механізме дзяржавы, а разам з тым і да змяншэння прафесіянальнага ядра ў міліцыі. Як наступства - рост злачыннасці, разгул хуліганства, павелічэнне праяў п'янства і звязаных з ім правапарушэнняў. З прыходам да ўлады Л.І Брэжнева ў 1964 г. паступова пачаўся працэс вяртання да сталінскіх часоў толькі не ў такіх жорсткіх формах. Было спынена ранейшае імкненне да дэмакратызацыі грамадства і партыі, згорнута крытыка культу асобы, паколькі далейшае развянчанне кіравання дзяржавай І.В. Сталіна падрывала асновы таталітарнай сістэмы. У міліцыі гэта праявілася ў тым, што 26 ліпеня 1966 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было ўтворана саюзна-рэспубліканскае Міністэрства аховы грамадскага парадку СССР [10, арт. 594]. Так была адноўлена цэнтралізацыя кіравання органамі міліцыі ў краіне і адначасова абмежаваны правы рэспубліканскіх органаў міліцыі. Новы курс быў прадэманстраваны і ў адносінах да праблемы барацьбы са злачыннасцю. Не адмаўляючыся ў гэтай справе ад апоры на насельніцтва (ДНД, таварысцкія суды і інш.), новы палітычны рэжым імкнуўся ліквідаваць прычыны злачыннасці больш жорсткімі правапрымяняльнымі сродкамі. У пастанове ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 23 ліпеня 1966 г. № 571 «Аб мерах па ўзмацненню барацьбы са злачыннасцю», ініцыіраваную і кіраўніцтвам міліцыі Саюза, важнейшымі прычынамі злачыннасці называліся хуліганства, п'янства, адсутнасць кантролю за антыграмадскімі элементамі. Згодна з гэтай пастановай 26 ліпеня 1966 г. Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР былі выдадзены ўказ «Аб узмацненні адказнасці за хуліганства» і пастанова аб парадку прымянення гэтага нарматыўнага прававога акту, якія былі аб'яўлены загадам МАГП БССР ад 16 жніўня 1966 г. № 145 [11, арк. 8687, 130]. У мэтах узмацнення барацьбы з хуліганствам і іншымі праявамі злачыннасці на вуліцах, стадыёнах, у парках, клубах і іншых граммадскіх месцах устанаўлівалася павышаная адміністрацыйная адказнасць за хуліганства, змяншаліся тэрміны расследавання і судовага разбору спраў аб хуліганстве, органам міліцыі прадастаўляліся дадатковыя правы па спыненню парушэнняў грамадскага парадку. За дробнае хуліганства (нецэнзурныя выразы ў грамадскіх месцах, непрыстойнае прыставанне да грамадзян і інш.) прадугледжваліся арышт на тэрмін ад 10 да 15 сутак, ці папраўчыя работы на тэрмін ад 1 да 2 месяцаў з утрыманнем 20 % заробку, ці штраф у памеры ад 10 да 30 рублёў. Матэрыялы аб такім хуліганстве павінны былі разглядацца на працягу сутак начальнікам органа міліцыі, калі накладаўся штраф, ці накіроўваліся ў народны суд. За хуліганства (наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) прадугледжвалася, у адпаведнасці з арт. 9, пазбаўленне волі на тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года, ці папраўчыя работы на такі ж тэрмін, ці штраф у памеры ад 30 да 50 рублёў, за злоснае хуліганства - пазбаўленне волі на тэрмін ад 1 да 5 га доў, а з прымяненнем агнястрэльнай ці халоднай зброі - ад 3 да 7 гадоў [11, арк. 136, 138]. 26 ліпеня 1966 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ «Аб адміністрацыйным наглядзе органаў міліцыі за асобамі, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі». У мэтах узмацнення барацьбы з рэцыдыўнай злачыннасцю ўстанаўліваліся дадатковыя абмежаванні ў прымяненні ўмоўнадатэрміновага вызвалення і замены пакарання больш мяккім у адносінах да асоб, раней судзімых за цяжкія злачынствы, а таксама ў адносінах непаўналетніх, асуджаных за наўмыснае забойства, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванне, разбойныя напады; павышалася адказнасць асоб за паўторнае злачынства; устанаўліваўся адміністрацыйны (галосны) нагляд органаў міліцыі за рэцыдывістамі і іншымі небяспечнымі злачынцамі, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі [10, арт. 595]. Па зместу гэтых прававых актаў відавочна прасочваецца тэндэнцыя да ўмацавання правапарадку на аснове прыкметнага пашырэння кампетэнцыі мясцовых органаў улады і павышэння ролі міліцыі ў механізме дзяржавы. Важнымі сталі і арганізацыйныя рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне барацьбы з рознымі відамі злачыннасці. Так, загадам МАГП БССР ад 2 ліпеня 1967 г. упраўленне міліцыі Міністэрства стала выдаваць бюлетэнь аператыўнай інфармацыі аб нераскрытых цяжкіх злачынствах; аб атрыманых агентурных паведамленнях і іншыя аператыўныя даныя, якія мелі значэнне для іншых органаў міліцыі і падраздзяленняў МАГП; аб асобах, якія схаваліся ад следства і суда, збегшых з месцаў пазбаўлення волі, без весткі прапаўшых, выяўленых непазнаных трупах (з прыкладаннем фота); аб арыштах асобных гастралёраў, махляроў, якія маглі ўчыніць злачынствы ў іншых раёнах і абласцях; аб іншагародніх злачынствах, якія маглі мець аператыўны інтарэс для УАГП, ГАМ-РАМ, ЛАМ [12, арк. 3]. Гэтае новаўвядзенне актывізавала дзейнасць аператыўных служб, але якасна палепшыць іх аператыўна-службовую дзейнасць не змагло, гублялася аператыўнасць. Больш важнае значэнне мела рашэнне аб пераўтварэнні Галоўнага ўпраўлення міліцыі ў самастойныя структурныя падраздзяленні міліцыі, у тым ліку і службу крымінальнага вышуку. У адпаведнасці з загадам МУС БССР ад 16 чэрвеня 1969 г. замест ранейшага аддзела крымінальнага вышуку Міністэрства з трыма аддзяленнямі (па справах непаўналетніх, вышуковае, практычнае) і занальнай групы [13, арк. 165170] было ўтворана ўпраўленне крымінальнага вышуку з трыма аддзеламі і двума аддзяленнямі. Утвораныя аддзелы (1-шы - па барацьбе са злачынствамі супраць асобы, 2-гі - па барацьбе з маёмаснымі злачынствамі, 3-ці - па справах непаўналетніх) і аддзяленні (4-е - аператыўнага вышуку, 5-е - інфармацыйнае) [14, арк. 1-20] ужо па сваіх назвах былі набліжаны як да барацьбы з рознымі відамі злачыннасці, катэгорыямі злачынцаў, так і да кірункаў аператыўна-службовай дзейнасці. Аналагічныя перамены ў структуры, толькі на ўзровень меншы, адбыліся ва ўсіх УУС аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Ажыццёўленыя меры ў пэўнай ступені далі і станоўчыя вынікі. Павялічылася агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў. За перыяд з 1961 па 1970 г. яна ўзрасла на 26,4 %, а па лініі крымінальнага вышуку - на 40,4 %. Адначасова назіралася негатыўная тэндэнцыя: узровень злачыннасці на 10 тыс. насельніцтва ўзрос адпаведна з 32,7 і 17,1 злачынстваў да 37,8 і 21,9 [15, арк. 12]. Аналіз паказвае, што за гады восьмай пяцігодкі (1966-1970 гг.) у параўнанні з папярэдняй пяцігодкай у Беларусі назіралася змяншэнне колькасці наўмысных забойстваў і замахаў на забойствы, крадзяжоў дзяржаўнай і грамадскай маёмасці і іншых відаў злачынстваў. Паменшылася іх доля і ў агульнай колькасці злачынстваў, якія рэгістраваліся па лініі крымінальнага вышуку. Аднак колькасць наўмысных забойстваў пасля іх спаду ў 1966 г. паступова стала ўзрастаць. У 1968 г. іх было ўжо 177, у 1969 - 191, у 1970 - 210. Пераважная іх большасць учынялася на бытавой глебе - 56 %, і з хуліганскіх памкненняў - 24 %. Да 57 % павялічыўся ўзровень забойстваў, учыненых асобамі ў нецвярозым стане, і да 26 % - непаўналетнімі. Раскрывальнасць жа забойстваў знізілася з 98,9 % у 1966 г. да 96,7 % у 1970 г. Значыць, не ўсе магчымыя меры былі ажыццёўлены міліцыяй, каб папярэдзіць злачынствы. У прыватнасці, не хапала дасведчанасці аб наяўнасці злачынных памкненняў учыніць забойства, не поўна выкарыстоўваліся магчымасці агентуры, аператыўных улікаў, навукова-тэхнічных сродкаў, недаацэнівалася дапамога насельніцтва. Таму такое становішча стала фактам разбору на калегіі МУС БССР, былі распрацаваны меры па ўзмацненню барацьбы з наўмыснымі забойствамі [16, арк. 22-25]. Прыкладна на адным узроўні ў восьмай і сёмай пяцігодках знаходзіліся такія віды злачынстваў, як разбойныя напады і наўмысныя падпалы. Адначасова ў рэспубліцы існавала тэндэнцыя росту такіх злачынстваў, як згвалтаванні і замахі на згвалтаванні, наўмыснае прычыненне цяжкіх, менш цяжкіх цялесныя пашкоджанняў, грабяжы, крадзяжы асабістай маёмасці грамадзян, махлярства, хуліганства. Некаторае павелічэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку адбылося галоўным чынам за кошт пашырэння сферы крымінальнага пакарання за хуліганства, устанаўленне адказнасці за выкраданне транспартных сродкаў, уцягненне непаўналетніх у злачынную дзейнасць, а таксама міграцыі насельніцтва. Міліцыю асабліва турбавала становішча са злачыннасцю ў тых раёнах, дзе будаваліся новыя буйныя прадпрыемствы, пашыраліся і рэканструіраваліся дзеючыя. Адначасова адзначалася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння колькасці калгаснікаў, прыцягнутых да адказнасці за ўчыненыя злачынствы. Іх колькасць у перыяд з 1966 па 1970 г. зменшылася на 13,2 %, а доля ў агульнай колькасці выяўленых зменшылася з 13,2 да 9,3 %. [15, арк. 15-16]. Але ў значнай ступені гэта звязана не столькі з эфектыўнай дзейнасцю міліцыі, колькі са змяншэннем сельскага насельніцтва ў Беларусі за гэты час. Аналіз такога стану злачыннасці ва ўмовах эфектыўнага развіцця сацыяльна-эканамічнай і культурнай сфер Беларусі ў восьмай пяцігодцы паказваў, што, з аднаго боку, калі не будуць дадаткова прыняты неабходныя сацыяльныя, эканамічныя, палітыка-выхаваўчыя, арганізацыйныя, адміністрацыйныя меры, то злачыннасць будзе праяўляць тэндэнцыю да росту. З другога боку, неабходна было пераадолець і адмоўныя тэндэнцыі ў самой міліцыі, найперш у службе крымінальнага вышуку. Якасны склад супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ў 1970 г. заставаўся нізкім: пасады, якія падлягалі замяшчэнню спецыялістамі вышэйшай кваліфікацыі, былі ўкамплектаваны толькі на 65 %, з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй - на 72 %. 18,3 % супрацоўнікаў не мелі спецыяльнай падрыхтоўкі, асобныя не мелі нават сярэдняй адукацыі (9 чалавек). Назіралася вялікая змяняльнасць кадраў: 64 % супрацоўнікаў працавалі ў апаратах крымінальнага вышуку да 5 гадоў і толькі 12,6 % - звыш 10 гадоў. 44 пасады заставаліся вакантнымі [17, арк. 94]. Давала аб сабе знаць і другая праблема. Ва ўмовах хуткага росту гарадоў, канцэнтрацыі прамысловасці і насельніцтва, высокай інтэнсіўнасці міграцыйных патокаў прыкметна ўзрастала неабходнасць утварэння адзінай, цэнтралізаванай у маштабах рэспублікі сістэмы аператыўна-вышуковай інфармацыі. Прынятыя ў 60-х гг. меры па ўдасканаленню крыміналістычных улікаў не прынеслі важкіх вынікаў. Існаваўшыя ў гаррайлінорганах і падраздзяленнях унутраных спраў картатэкі былі раз'яднаныя, утрымлівалі вузкае кола пашуковых прыкметаў, іх дзейнасць у барацьбе са злачыннасцю прадаўжала заставацца нязначнай і малаэфектыўнай. Не было адзінага парадку ў зборы, аналізе і выдачы вышуковай інфармацыі. На вырашэнне найперш названых праблем і былі накіраваны намаганні міліцыі Беларусі. МУС БССР, напрыклад, своечасова стварыла Інфармацыйны цэнтр, які ўвёў інфармацыйна-пашуковую сістэму (ІПС «Сігнал»). Яна аб'ядноўвала ў сабе значную частку існуючых у органах МУС аператыўна-вышуковых і крыміналістычных картатэк, пашырала кола пошукавых прыкмет і канцэнтравала ў адным месцы ўсю аператыўна-вышуковую інфармацыю, забяспечвала яе машынную апрацоўку і выдачу органам і падраздзяленням для выкарыстання ў папярэджанні і раскрыцці злачынстваў [18, арк. 74]. Палепшыць якасны склад кадраў была заклікана Вышэйшая школа МУС СССР у Мінску, гэтаму павінна было садзейнічасць прыцягненне на працу ў органы ўнутраных спраў выпускнікоў ВНУ рэспублікі. Такім чынам, разглядаемы перыяд для міліцыі аказаўся складаным, хоць, у асноўным, і не па яе віне. Тым не менш, яе кіраўніцтва і супрацоўнікі спрабавалі зрабіць усё магчымае дзеля падтрымання нармальнага грамадскага парадку ў рэспубліцы. 1. Калинин Ю.В., Калинина Г.А. Социалистическая законность в кривом зеркале антисоветских измышлений. Минск : МВШ МВД СССР, 1981. 39 с. 2. Маркс К. Население, преступность и пауперизм // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. Т. 13. М. : Госполитиздат, 1959. С. 513-518. 3. Дедков Л.Л. Правонарушения и борьба с ними. Минск : БГУ им. В.И. Ленина, 1977. 142 с. 4. Народное хозяйство Белорусской ССР : юбилейн. стат. ежегодник. Минск : Беларусь, 1978. 302 с. 5. Ананич В.А. Милиция и общественность на страже правопорядка: на примере Беларуси, 1968-1992 гг. Минск : Навука і тэхніка, 1993. 176 с. 6. Карпец И. Сыск (записки начальника уголовного розыска). М. : Наука, 1994. 351 с. 7. Ленин В.И. КПСС о социалистической законности и правопорядке. М. : Политиздат, 1981. 671 с. 8. Архіў МУС Рэспублікі Беларусь. Ф. 25. Воп. 2. Спр. 97, 91. 9. Нарысы гісторыі Беларусі : у 2 ч. Ч. 2 / М.П. Касцюк [і інш.] ; Ін-т гісторыі АНБ. Мінск : Беларусь, 1995. 560 с. 10. Ведомости Верховного Совета СССР. 1966. № 30. Ст. 594. 11. Архіў МУС Рэспублікі Беларусь. Ф. 50. Воп. 3. Спр. 81. 12. Там жа. Воп. 2. Спр. 84. 13. Там жа. Спр. 85. 14. Там жа. Спр. 89. 15. Там жа. Ф. 25. Воп. 3. Спр. 63. 16. Там жа. Ф. 50. Воп. 2. Спр. 98. 17. Там жа. Спр. 95. 18. Там жа. Спр. 99. | ||||||
| ||||||
© Академия Министерства внутренних дел Республики Беларусь Электронный учебно-методический комплекс |